Пётр РУДКОЎСКІ. Украінская аўтакефалія: разрыў і прарыў

Printer-friendly versionPDF version

Перадрук з сайта Будзьма беларусамі!

15 кастрычніка 2018 года пранеслася па рэгіёне неадназначная навіна: Расійская праваслаўная царква разрывае еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Гэтая навіна набывае асабліва моцнае гучанне, калі сфармулюем інакш (што будзе таксама правільным): разрывае еўхарыстычныя зносіны з Сусветным патрыярхатам. Разрыў звязаны з рашэннем сусветнага патрыярха Варфаламея І прызнаць акт 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату несапраўдным і даць Украінскай праваслаўнай царкве права на аўтакефалію.

Сам факт узнікнення канфлікту вакол аўтакефаліі не нясе ў сабе нічога новага. У гісторыі праваслаўя мала ёсць выпадкаў, калі прызнанне права на самакіраванне мясцовай царкве абыходзілася без канфліктаў і без перыяду «нелегітымнасці» маладой аўтакефальнай царквы. У другой палове ХІХ стагоддзя мела месца «люстраная» сітуацыя: ад Канстанцінопаля — насуперак яго волі — аддзялялася адна маладая царква (балгарская), а Масква, хоць не вельмі адкрыта, падтрымала «курс на незалежнасць». А за чатыры стагоддзі да таго, у XV стагоддзі, сама Маскоўская царква захацела эмансіпавацца ад мацярынскай царквы — той самай Канстанцінопальскай — і зрабіла гэта нелегальна, прычым перыяд яе «непрызнанага» існавання быў ці не рэкордным — блізу 140 гадоў.

Праблема з аўтакефаліяй такая, што ў праваслаўным свеце няма эфектыўных працэдур бесканфліктнага вырашэння гэтага пытання. Такім чынам, канфлікты вакол аўтакефаліі ўзнікалі, узнікаюць і будуць узнікаць так доўга, як доўга будуць абавязваць крайне неэфектыўныя прынцыпы легальнага ўтварэння аўтакефаліі: згода мацярынскай царквы і кансэнсус сярод іншых памесных праваслаўных цэркваў.

Разрыў еўхарыстычных зносін — рэч сумная, але яна таксама не з’яўляецца нечым новым або асаблівым для праваслаўнага свету. Зусім нядаўна (2014 год) былі разарваныя адносіны паміж дзвюма старажытнымі цэрквамі: Ерусалімскай і Антыяхійскай (паспрачаліся вакол юрысдыкцыі над праваслаўным насельніцтвам Катара, колькасць якога… каля 100 чалавек). Як у выпадку аўтакефаліі, так і тут віной з’яўляецца адсутнасць юрыдычнага рэалізму і тэндэнцыя прыбягаць да рэлігійнага пафасу ў адстойванні сваёй пазіцыі.

Ёсць, аднак, некалькі момантаў, якія робяць апошнія падзеі ў праваслаўнымі свеце ўнікальнымі. Па-першае, прызнанне аўтакефаліі ўкраінцам адбываецца на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту, ізаляцыі Расіі на міжнароднай сцэне і — што рэлевантна для гэтага года — рэзкага падзення рэйтынгу Пуціна. Расійская праваслаўная царква — гэта галоўны інструмент «мяккай сілы» Масквы, з чатырохсотгадовым досведам. Страта юрысдыкцыі (ва ўсякім разе радыкальнае яе абмежаванне) на такой стратэгічнай тэрыторыі, як Украіна — гэта эпахальная страта, якую не кампенсуе ні здабыццё Крыма, ні прарасійскі бунт на ўсходзе Украіны. «Рымляне перамаглі грэкаў ваеннай сілай, грэкі перамаглі рымлян сваёй культурай» — гэтыя словы былі дужа папулярнымі ў колішняй Рымскай імперыі. Далёкім рэхам з’яўляюцца сёлетнія падзеі, якія можна падагуліць: «Расія забрала Крым, Украіна забрала Царкву». Нічога дзіўнага, што кіраўнік інфармацыйнага агенцтва Украінскай праваслаўнай царквы МП Клімент параўнаў дзеянні Канстанцінопаля з… анексіяй Крыма. Паўтару: гэтае параўнанне зрабіў прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату.

Па-другое, важныя тут гістарычныя паралелі (ва ўсходнім хрысціянстве гістарычная свядомасць вельмі жывая).

Перадача Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, што мела месца ў 1686 годзе, была «духоўнай пячаткай», якая на добрыя тры стагоддзі прыпячатала далучэнне (левабярэжнай) Украіны да Расіі. Сёлетняе ануляванне рашэння 1686 года і пастанова даць Украіне аўтакефалію ўспрымаецца ў Расіі як «духоўная пячатка» адваротнага значэння: прыпячатанне выхаду Украіны з расійскай сферы ўплывуДый часавы зрэз вельмі падобны: у XVII стагоддзі Кіеўская мітраполія была перададзеная Маскве прыблізна праз трыццаць гадоў пасля далучэння Украіны да Маскоўскага царства; у ХХІ стагоддзі Украіна атрымлівае аўтакефалію прыблізна пра трыццаць гадоў пасля выхаду з СССР.

Трэці момант мае лакальнае, уласна беларускае, значэнне. Рашэнне аб разрыве царкоўных зносін з Канстанцінопалем было прынятае на тэрыторыі Беларусі. Парадаксальным чынам так сталася, што ў складзе ўдзельнікаў Сіноду не аказалася ніводнага беларуса. Атрымліваецца, што прымаючы бок, які дэкларуе поўную лаяльнасць свайму патрыярхату, выдалены за рамкі працэсу прыняцця рашэння ў такой ключавой справе. Гэта не можа не адбіцца на стаўленні беларускіх праваслаўных да мацярынскай царквы. Гісторыя вучыць, што найбольш заўзятыя незалежнікі — гэта ўчорашнія верныя лаялісты, якія заўважылі, што іхняй вернасцю сістэматычна злоўжываюць.

Не менш дзіўным з’яўляецца пакаранне айца Аляксандра Шрамко, вядомага ў рэгіёне душпастыра і публіцыста. 16 кастрычніка святар атрымаў падпісаны патрыяршым экзархам Паўлам указ, у якім гаворыцца, што беларускі святар «выведзены за штат» на адзін год і не мае права ў гэты час выконваць святарскія функцыі. Указ складзены вельмі паспешліва, з парушэннем фармальных патрабаванняў, а рашэнне аб пакаранні было прынятае нягледзячы на тое, што айцец Аляксандр назваў ідэю аўтакефаліі «архаічнай». Акалічнасці пакарання, асабліва яго паспешлівасць, сведчыць пра нервовасць, якая пануе сярод праваслаўных іерархаў. Няцяжка здагадацца пра прычыны гэтай нервовасці: пры ўсёй вонкавай аднадушнасці ў падтрымцы Маскоўскага патрыярхату, унутры беларускага праваслаўя ёсць моцны фермент незадавальнення.

Навязванне асуджэння аўтакефаліі — гэта яшчэ можна праглынуць, але навязванне разрыву з Сусветным патрыярхатам, ды яшчэ без запрашэння да ўдзелу ў прыняцці рашэння, ды яшчэ на нашай зямлі — гэта занадта. 14-16 кастрычніка 2018 года было пасеянае зерне аўтакефаліі ў Беларусі, і яго прарастанне ўжо будзе цяжка стрымаць, паколькі не толькі апазіцыйныя, але і дзяржаўныя колы будуць гэтаму спрыяць: першыя — адкрыта, другія — паціху.

Украінская аўтакефалія, як і дзясяткі іншых аўтакефалій у ходзе гісторыі, суправаджаецца разрывам. Гэта сумны момант. Але яна азначае таксама даволі сур’ёзны геапалітычны прарыў — адміністрацыйна і фінансава незалежная царква ва Украіне стане магутным фактарам канчатковага афармлення ўкраінскай нацыі. Нават пры эканамічных і палітычных узрушэннях, якія цалкам імаверныя ва Украіне, моцная і адзіная Украінская праваслаўная царква будзе амартызаваць узрушэнні і выконваць функцыю, аналагічную той, якую выконвалі мясцовыя каталіцкія цэрквы ў Польшчы або ў Літве. І будзе таксама ўзмацняць аўтакефальны трэнд у Беларусі. І гэта абнадзейвальны момант.