Пётр РУДКОЎСКІ. Румас і аўтарытарызм

Printer-friendly versionPDF version
У кантэксце эканамічных рэформаў не варта перабольшваць фактар аўтарытарызму, нават такога эмацыйнага, як у Лукашэнкавай версіі. Сітуацыя рэфарматара ў Лукашэнкавай сістэме радыкальна не адрозніваецца ад рэфарматара ў дэмакратычнай краіне, дзе суверэнам і кантралёрам з'яўляецца Грамадская Думка. Пры ўсёй павазе да ГД (дык я ж сам ейная частка), рэдка бывае так, што ГД паслядоўна падтрымлівае рознага роду крокі па аздараўленню эканамічных механізмаў. Рэфарматару ў дэмакратычнай краіне трэба, як правіла, шмат папацець, каб нейк дамовіцца з ГД. І ніколі няма пэўнасці, што на паўшляху ГД не ўчыніць прыкры і несправядлівы "разнос" і запатрабуе адстаўкі ўрада. Так што няма тут радыкальнай розніцы (розніца ёсць у некаторых нюансах, але пра нюансы тут не будзем).
 
Гэтыя заўвагі могуць загучаць як нейкі антыдэмакратычны выбрык. Але гэта ўсяго толькі напамін, што вартасць дэмакратыі не заключаецца ў тым, што яна выдатна адсейвае добрых кіраўнікоў ад кепскіх (далёка не выдатна), а ў нечым іншым: у этычнай плашчыні. Шанцы на правядзенне рэформаў у эканоміцы залежаць у большай ступені ад інтэлігентнасці і сілы волі рэфарматараў, чым ад асаблівасцяў сістэмы. 
 
Рынкавыя рэформы магчымыя ў Беларусі як своесаблівая "здзелка" паміж кіраўніком і рэфарматарамі. Кіраўнік не разумее і не любіць рынкавай эканомікі і ніколі не палюбіць. Але ён мае за сабой дваццаць гадоў "планавання". Мае перад сабой перспектыву радыкальнага змяншэння нафатавай рэнты. У такой сітуацыі хаўрус з рыначнікамі (пры ўсёй магчымай нелюбові да іх) явіцца для кіраўніка як меншае рызыка. Дадамо яшчэ працэсы ў Казахстане, Узбекістане, дый самой Расеі. А Кітай - таксама аўтарытарная краіна, але ж і рынкавымі механізмамі не грэбуе. Чаму б не паспрабаваць і тут? Не спадабаецца, абнаглеюць рыначнікі - праганю. А калі не наглеюць, хай пакажуць, што ўмеюць. Вось і ўсё, вось і ўвесь сакрэт фліртавання з рынкавай эканомікай. 
 
Ясна, што такая сітуацыя надзвычай некамфортная для любога рэфарматара. Ясна, што ў такіх умовах немагчыма весці размову пра якую-небудзь доўгатэрміновую стратэгію. Бо ў любы момант галоўны "стратэг" можа ўмяшацца і "навесці (бес)парадак". Але калі шэраг экспертаў выказвае спадзяванні ў звязку з прызначэннямі, то хіба маюць на ўвазе не тое, што паўстане новы Сінгапур, а нешта іншае. Спадзяванні (прынамсі ў маім выпадку) грунтуюцца на дзвюх канстатацыях:
 
1. Паўстала сітуацыя, калі для Лукашэнкі - з гледзішча захавання ўлады - хаўрус з "рыначнікамі" падаецца менш рызыкоўным, чым адсутнасць такога хаўрусу.
2. Румас, Калаур і Круты са сваімі паплечнікамі дастаткова кампетэнтыя і дасведчаныя, каб прасунуць 20-30% рэформаў (спасярод умоўнага пакету ўсіх рэформаў, якія трэба было б ажыццявіць). 
 
Выснова: Не ідэальна, але і не найгорай.