Дзейнасць

Друкаваная версіяPDF версія

У дадзены момант даследчая праца інстытута арганізавана вакол наступных асноўных накірункаў:

1. Правядзенне даследаванняў у чатырох ключавых галінах

Чалавечы капітал

У гэтым накірунку даследаванняў вывучаецца якасць беларускага чалавечага капіталу ў розных сектарах. У фокусе аналізу – эфектыўнасць інвестыцый у адукацыю і чалавечы капітал, уплыў чалавечага капіталу на вытворчасць працы ў Беларусі. Даследуецца арганізацыя навукі і вытворчасці інавацый, арганізацыя сістэмы вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Аналізуецца ступень улучанасці беларускай навукі ў сусветны акадэмічны рынак і канкурэнтаздольнасць беларускага чалавечага капіталу.

Сацыяльны кантракт

Даследаванне BISS 2008–2009 гг. выявіла ўмовы, якія забяспечваюць згоду беларусаў з наяўным палітычным рэжымам і складаюць негалосны “сацыяльны кантракт” паміж дзяржавай і грамадзянамі. З таго часу беларускае грамадства і беларуская ўлада перажылі сур’ёзны палітычны і эканамічны крызіс, які паўплываў і на нефармальны “сацыяльны кантракт”. У 2013 г. BISS, грунтуючыся на выніках нацыянальнага сацялагічнага апытання і інтэрв’ю ў фокус-групах, прапаноўвае працяг гэтага даследавання. Яно дапаможа зразумець дынаміку “сацыяльнага кантракта” ў Беларусі.

Мадэрнізацыя і інстытуцыйныя змены

У межах гэтага накірунку даследаванняў мы засяроджваемся на рэформах эканамічнага рэгулявання, засваенні найлепшага практычнага досведу розных краін і рэгіёнаў, а таксама на рэформах у іншых галінах. У першай палове 2013 г. мы падрабязна спынімся на праблематыцы наўпроставых замежных інвестыцый у Беларусь. Будуць прапанаваныя захады для падвышэння інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. У прыватнасці, мы звернем увагу на гэткі аспект, як павелічэнне якасці чалавечага капіталу сярод чынавенства.

Міжнародныя адносіны і транснацыяналізацыя  

     •Еўразійская інтэграцыя

У гэтай сферы даследуецца ўздзеянне інтэграцыйных працэсаў на палітыку, эканоміку і грамадства Беларусі. Таксама аналізуецца ўплыў Беларусі на фармаванне агульных правілаў гульні. Асноўныя тэмы гэтага блока даследаванняў – інстытуцыйная структура еўразійскай інтэграцыі, новыя правілы для беларускага бізнесу, транснацыяналізацыя беларускай эканомікі і палітыкі, а таксама ўсе аспекты беларуска-расійскіх дачыненняў і іх дынаміка.

     • Беларусь-ЕС

У межах гэтага накірунку даследуюцца розныя аспекты беларуска-еўрапейскіх дачыненняў. Аналізуюцца магчымасці ЕС у сферы мадэрнізацыі Беларусі. Мы шукаем магчымыя шляхі да выйсця з канфрантацыі і пераходу да нармалізацыі стасункаў. Будуць прапаноўвацца рэкамендацыі, як падвысіць інтэнсіўнасць дачыненняў Беларусі з ЕС у галіне кантактаў паміж людзьмі.

     • Адносіны Беларусі з краінамі, якія развіваюцца

У рамках дадзенага напрамкі даследаванняў вывучаюцца пытанні аб месцы і ролі адносін Беларусі з краінамі, якія развіваюцца ў знешняй палітыцы краіны, асаблівасці гэтых адносін і магчымыя варыянты іх развіцця. Беларуская палітыка ў краінамі, што развіваюцца разглядаюцца таксама як важная складнік палітыкі, накіраванай на кампенсацыю дысбалансу сіл у адносінах з Расіяй з аднаго боку і на пераадоленне міжнароднай ізаляцыі - з другога.

2. Выданне шэрагу перыядычных маніторынгава-аналітычных справаздач:

Беларускі знешнепалітычны індэкс

Аналітычная справаздача, якая выходзіць раз на два месяцы і прысвячаецца ацэнцы найважнейшых тэндэнцый у беларускай замежнай палітыцы. У Індэксе аналізуюцца пяць вектараў замежнай палітыкі Беларусі: дачыненні з ЕС, Расіяй, Кітаем, Украінай і краінамі “трэцяга свету”. Таксама прапаноўваецца наш прагноз развіцця асноўных кірункаў замежнай палітыкі.

Палітычны медыябарометр BISS

Штоквартальны маніторынг камунікацыі беларускіх палітычных сіл і грамадства, які грунтуецца на аналізе рэпрэзентаванасці палітычных суб’ектаў у беларускіх СМІ.

BISS Polling memo  (Аналіз грамадскай думкі)

Штоквартальны аналіз найбольш цікавых і значных тэндэнцый развіцця грамадскай думкі ў Беларусі на падставе вынікаў сацыялагічных апытанняў.

BISS-Timeline

Кароткі штомесячны агляд асноўных падзеяў у Беларусі ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах.

BISS-Trends

Паўгадавая маніторынгавая справаздача, у якой аналізуюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства ў сферах палітычнай дэмакратызацыі, эканамічнай лібералізацыі, якасці кіравання і вяршэнства закону, культуры. Таксама разглядаюцца тэндэнцыі развіцця стасункаў з Расіяй і ЕС.

Штогоднік BISS

Доўгатэрміновы калектыўны праект беларускай і міжнароднай экспертнай супольнасці. Гэтае штогадовае выданне прапаноўвае комплексны аналіз становішча ў найважнейшых сегментах дзяржавы і грамадства Беларусі.

3. Правядзенне круглых сталоў, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, якія збіраюць прадстаўнікоў аналітычнай супольнасці, грамадзянскай супольнасці, палітычнай эліты, груп інтарэсаў і міжнародных экспертаў для сумеснага абмеркавання пытанняў палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі. Адным з найбольш паспяховых праектаў BISS у гэтым кірунку стала штогадовая канферэнцыя BISS, прадстаўнічы форум для абмеркавання сцэнарыяў будучага развіцця Беларусі. Першая інаўгурацыйная канферэнцыя пад назвай "Да новага бачання Беларусі" была праведзена ў Кіеве ў верасні 2007 года. Другая канферэнцыя "Фармуючы прастору для пераменаў" прайшла таксама ў Кіеве ў лістападзе 2008 года. Трэцяя канферэнцыя "Шлях Беларусі ў Еўропе" прайшла пад патранажам Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Мінску ў лютым 2010 года.