Дванаццаты выпуск BISS-Trends (кастрычнік – снежань 2012 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе маніторынг галоўных тэндэнцый і падзеяў у палітычнай, эканамічная, прававой, геапалітычнай і культурнай сферах Беларусі ў кастрычніку – снежні  2012 г.

Гэта апошняя справаздача BISS-Trends у квартальным фармаце. Далей BISS-Trends будзе публікавацца кожныя паўгода. У той самы час мы пачалі выпускаць новы прадукт —  BISS-Timeline — штомесячны маніторынг палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурных сфераў.

У чацвёртым квартале 2012 г. эксперты адзначаюць працяглую стагнацыю альбо рэгрэс практычна па ўсіх разгляданых трэндах. Грамадска-палітычнае жыццё толькі ў нязначнай ступені ажывілі мінулыя парламенцкія выбары, і яго стагнацыя працягваецца. Нягледзячы на тое, што вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны не ўхваліла пераўтварэнне грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у палітычную партыю, патэнцыял такога рэфармавання застаецца. Таксама распрацоўваюцца змены ў Выбарчы кодэкс, закліканыя нівеліраваць пэўную залежнасць палітычнай сістэмы ад тактычных дзеянняў апазіцыйных сіл.

У эканамічнай сферы ў разгляданы перыяд назіраўся абсалютны рэгрэс. Ключавымі дэлібералізацыйнымі падзеямі, як у эканамічнай галіне, так і сферы якасці кіравання, сталі рэнацыяналізацыя кандытарскіх фабрык неправавымі метадамі і курс на мадэрнізацыю прамысловасці ў вузкім разуменні разам з кабальным дэкрэтам аб працаўладкаванні на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай галіны. Вынікам масавай мадэрнізацыі прадпрыемстваў, якая аддалена нагадвае сталінскую індустрыялізацыю, без укаранення эканамічных стымулаў і з захаваннем ранейшых прынцыпаў дзейнасці сістэмы і прыняцця рашэнняў, верагодна, стане яшчэ больш неэфектыўнае расходаванне сродкаў.

У геапалітычнай сферы сітуацыя засталася ранейшай: зрухаў у адносінах з Захадам не адбылося, пагрозлівы знешнепалітычны нахіл у бок Расіі захаваўся. Мінск не распачаў крокаў па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека і не вызваліў палітычных зняволеных, што з’яўляецца галоўнай умовай нармалізацыі адносін з ЕС і ЗША. Адносіны з Расіяй трохі абвастрыліся ў сувязі з перамовамі аб пастаўках нафты і паліўным балансе. Аднак гэтая напружанасць не перарасла ў адкрыты публічны канфлікт, а інтэграцыйныя працэсы не перапыніліся.

У апошнім квартале 2012 г. працягваецца дэлібералізацыя ў культурным жыцці краіны, яе палітызацыя і ідэалагізацыя на фоне палярызацыі культурных працэсаў. Працягваецца падзел на нешматлікія ўшчэнт заідэалагізаваныя культурныя праекты, якія падтрымліваюцца ўладай, і праекты неафіцыйныя, да ажыццяўлення якіх улада ставіцца з прадузятасцю і асцярогай і, як правіла, не падтрымлівае. «Мяккая беларусізацыя», якая азначылася раней, практычна цалкам спыненая.

Чытайце цалкам маніторынг у фармаце pdf.