BISS абвяшчае конкурс на пасаду акадэмічнага дырэктара

29.11.2016
Друкаваная версіяPDF версія

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), у сувязі са сканчэннем кадэнцыі, абвяшчае конкурс на пасаду акадэмічнага дырэктара.

Акадэмічны дырэктар прызначаецца Сходам пайшчыкаў і падсправаздачны Савету інстытута. Сумесна з адміністрацыйным дырэктарам і Саветам інстытута акадэмічны дырэктар распрацоўвае стратэгію развіцця інстытута і ажыццяўляе яе эфектыўную рэалізацыю.

Акадэмічны дырэктар выконвае наступныя асноўныя функцыі:

1. Кіраўніцтва падрыхтоўкай, планаваннем і каардынацыяй даследчых і аналітычных праграм BISS;

2. Распрацоўка акадэмічных стандартаў публікацый BISS, працэдур кантролю іх якасці;

3. Забеспячэнне праграмнай інтэграцыі розных інстытуцыйных праектаў, у прыватнасці даследаванняў, рэгулярнай аналітыкі і інш.;

4. Упраўленне прадстаўніцтвам BISS на навуковых і экспертных пляцоўках;

5. Кіраўніцтва падрыхтоўкай кніг, артыкулаў, аналітычных запісак, публіцыстычных матэрыялаў BISS;

6. Кіраўніцтва працай стыпендыятаў, стажораў, іншых удзельнікаў даследаванняў і праграм BISS, якія непасрэдна не звязаны з інстытутам.

Сумесна з адміністрацыйным дырэктарам BISS ажыццяўляе:

1. Планаванне дзейнасці BISS і складанне гадавых бюджэтаў;

2. Пошук фінансавання і распрацоўку праектных прапаноў для атрымання фінансавання;

3. Падтрыманне кантактаў з донарамі, стэйкхолдэрамі і партнёрскімі арганізацыямі;

4. Удзел у працы па падтрыманні сувязяў з грамадскасцю, у тым ліку па развіцці вэбсайта BISS, прадстаўленасці ў сацыяльных сетках і медыя;

5. Кіраўніцтва падрыхтоўкай мерапрыемстваў BISS (прэзентацыі, канферэнцыі, круглыя сталы і г.д.).

Кваліфікацыйныя патрабаванні:

1. Наяўнасць навуковай ступені ў галіне сацыяльных навук. Перавага будзе аддадзена кандыдатам з заходняй ступенню PhD. Мінімальнае патрабаванне - абароненая кандыдацкая дысертацыя.

2. Як мінімум пяцігадовы вопыт акадэмічнай працы або працы ў даследчых інстытутах і think-tanks.

3. Свабоднае валоданне (магчымасць свабодна размаўляць, пісаць навуковыя матэрыялы, рэдагаваць, перакладаць з/на) беларускай, рускай і англійскай мовамі.

4. Экспертыза ў "беларускай тэматыцы": палітыка, эканоміка, грамадства.

Кандыдат павінен быць гатовы да:

- Працы ў маладым калектыве, які дынамічна развіваецца;

- Афармлення па аўтарскай дамове з літоўскай арганізацыяй BISS;

- Высокай ступені нявызначанасці і адсутнасці магчымасці ў BISS гарантаваць доўгачасовыя кантракты з забяспечанымі ўмовамі працы;

- Умоваў аплаты працы, якія залежаць ад праектнай дзейнасці інстытута.

 

Зацікаўленыя кандыдаты павінны даслаць:

- Поўнае акадэмічнае CV;

- Матывацыйны ліст;

- Кароткі план развіцця BISS, уключаючы магчымыя асноўныя напрамкі даследаванняў (да 3 старонак тэксту)

на адрас: info@belinstitute.eu да 25 студзеня 2017 г. Заяўкі, дасланыя пасля 25 студзеня, разглядацца не будуць.

Рашэнне па выбары кандыдата будзе прынята да канца лютага. Арганізацыя зкантактуецца толькі з кандыдатамі, якія прайшлі папярэдні адбор.