РЭФОРУМ. Павышэнне краінавай канкурэнтаздольнасці беларусі: што не ўлічваюць дзяржаўныя праграмы развіцця

Друкаваная версіяPDF версія

У дадзенай працы, праведзенай у межах праекта «Рэфорум», ажыццяўляецца аналіз зместу дзяржаўных праграм развіцця на прадмет пошуку страчаных напрамкаў дзейнасці, рэалізацыя якіх патэнцыйна магла б стымуляваць рост краінавай канкурэнтаздольнасці Беларусі.

Аналітычная рамка працы прадугледжвае, што напрамкі дзейнасці праграм у перспектыве ў той ці іншай меры павінны быць накіраваныя на паляпшэнне паказчыкаў так званых складнікаў краінавай канкурэнтаздольнасці – якасных і колькасных параметрах, якія характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці. Спіс складнікаў канкурэнтаздольнасці вызначаны па метадалогіі Сусветнага эканамічнага форуму.

Такім чынам, аналітычная частка працы будавалася на пошуку ў буйных дзяржаўных праграмах развіцця і спадарожных ім сектаральных праграмах напрамкаў, мэтаў і задач, сфакусаваных на паляпшэнні асобных паказчыкаў складнікаў краінавай канкурэнтаздольнасці.

У выніку аналізу былі вызначаныя наступныя параметры складнікаў канкурэнтаздольнасці, не ўлічаныя ў дзяржаўных праграмах развіцця або ўлічаныя толькі часткова.

У складніку інстытутаў не ўлічаныя паказчыкі якасці работы органаў правапарадку, вяршэнства права і якасці кіравання. Паказчык эфектыўнасці інстытутаў улады ўлічаны часткова: у ім прадугледжана работа па паляпшэнні толькі некаторых эканамічных інстытутаў.

У складніку інфраструктуры нязначная ўвага надаецца развіццю інфраструктуры аэрапортаў і развіццю сістэмы менеджменту лагістычных паслуг.

У складніку якасці вышэйшай адукацыі не ўлічаны паказчык даступнасці сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

У складніку эфектыўнага рынку працы не заўважаныя паказчыкі лёгкасці найму і звальнення супрацоўнікаў, а таксама не прадугледжаныя меры дзейнасці па паляпшэнні паказчыка здольнасці краіны ўтрымліваць і прыцягваць прафесійныя кадры.

Акрамя таго, рост краінавай канкурэнтаздольнасці Беларусі можна дадаткова паскорыць за кошт паляпшэння паказчыкаў па параметрах складніка інавацый[1]. З улікам асаблівасцяў развіцця сектара інавацый у Беларусі, драйверам развіцця ў гэтым напрамку можа быць паляпшэнне асяроддзя для функцыянавання IT-сектара.



[1] Гэты складнік не ўключаны ў дэтальны аналіз, паколькі Беларусь знаходзіцца на стадыі транзіту паміж эканомікай, якую рухаюць фактары прадукцыйнасці, і эканомікай, якую рухаюць інавацыі. Такім чынам, складнік інавацый з’яўляецца менш важным, чым іншыя складнікі канкурэнтаздольнасці.

Чытайце даследаванне ў фармаце pdf