Паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый «BISS-Trends» (ліпень – снежань 2015 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

Дадзены выпуск «BISS-Trends» з’яўляецца паўгадавым маніторынгам асноўных тэндэнцый у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства ў другой палове 2015 года.

Маніторынг прысвечаны асноўным тэндэнцыям у наступных галінах: палітычная дэмакратызацыя / палітычная лібералізацыя; эканамічная лібералізацыя; якасць кіравання і вяршэнства закона; геапалітычная арыентацыя; культурная палітыка.

У галіне палітычнай лібералізацыі ў другім паўгоддзі 2015 года быў адзначаны прагрэс. Хоць прэзідэнцкія выбары прайшлі па запланаваным уладамі сцэнары і суправаджаліся шматлікімі парушэннямі, улады знізілі і без таго невысокі ўзровень рэпрэсій і перайшлі да выкарыстання мяккіх абмежавальных практык. Важнай падзеяй аналізаванага перыяду стала вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. У галіне палітычнай дэмакратызацыі значных змяненняў зафіксавана не было.

Для галіны эканамічнай лібералізацыі было характэрна пагаршэнне асноўных макраэканамічных паказчыкаў, назапашванне і паглыбленне старых праблем. Структурныя рэформы ў чарговы раз былі адкладзеныя: улады абмежаваліся толькі ўкараненнем нязначных пазітыўных змяненняў, абумоўленых, у першую чаргу, патрабаваннямі знешніх крэдытораў.

У галіне якасці кіравання і вяршэнства права адзначаны значны прагрэс, абумоўлены неабходнасцю павышэння эфектыўнасці сістэмы дзяржкіравання перад прэзідэнцкімі выбарамі і пагаршэннем знешняй кан’юнктуры. У аналізаваны перыяд быў прыняты шэраг важных дакументаў, якія тычацца ўмоў вядзення бізнесу і працэдуры інвеставання.

Сфера геапалітычнай арыентацыі адзначана працягам нармалізацыі адносін з Захадам і захаваннем супярэчнасцяў у адносінах з Расіяй. З краінамі Захаду Беларусь абмянялася шэрагам узаемных саступак: вызваліла палітычных зняволеных і не стала ўздымаць узровень рэпрэсій у перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Адказам на гэта стала прыпыненне санкцый ЕС і ЗША. Адносіны з Расіяй ускладняліся пытаннем аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай авіябазы і зацягнутымі перамовамі аб наданні крэдыту.

У галіне культурнай палітыкі відавочныя праблемы ў правядзенні так званай «мяккай беларусізацыі». Адсутнасць адзінай дзяржаўнай культурнай палітыкі справакавала цікавую з’яву: канфлікт паміж дзяржслужачымі высокага рангу па пытанні «мяккай беларусізацыі». Аналізаваны перыяд быў таксама адзначаны супярэчлівай палітыкай дазволаў і забарон у галіне культуры.

BISS-Trends (ліпень – снежань 2015 г.) у фармаце pdf