Стаўленне чыноўнікаў да рэформаў у Беларусі: што змяняецца падчас крызісу?

Друкаваная версіяPDF версія

Даследаванне стаўлення чыноўнікаў да рэформаў, праведзенае BISS у канцы 2014 г., выявіла парадаксальна высокую зацікаўленасць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і ў рэформах саміх па сабе, і ў зніжэнні ўплыву дзяржавы на ўсе сферы грамадскага жыцця. Эканамічны спад у 2015 г., выбары прэзідэнта, вострая дыскусія вакол неабходнасці структурных рэформаў у эканоміцы, негатыўныя выказванні А. Лукашэнкі ў адносінах да рэформаў астудзілі запал чыноўнікаў. Адказы чыноўнікаў  адносна таго,  ці патрэбныя  рэформы, сталі больш стрыманымі. Вырасла доля тых, хто выступае за павышэнне дзяржаўнага ўплыву ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Пры гэтым прыярытэт рэформаў у эканоміцы над іншымі сферамі стаў больш выражаным, гэтак жа, як і доля тых, хто лічыць, што эканамічныя рэформы трэба правесці ў найбліжэйшы час.

BISS прадстаўляе высновы чарговай (другой) хвалі даследавання сярод прадстаўнікоў: а) бізнесу (далей у тэксце – «прадпрымальнікі»); б) улады (далей – чыноўнікі); в) грамадзянскага грамадства і палітычнай апазіцыі. Першы раўнд апытанняў праводзіўся ў верасні 2014 г., другі – у перыяд, пачынаючы з 18 кастрычніка да 30 лістапада 2015 г. Метад даследавання – індывідуальныя структураваныя face-to-face інтэрв'ю з наступнай колькасцю рэспандэнтаў у кожнай хвалі: бізнес (50); улада (50); грамадзянскае грамадства і палітычная апазіцыя (100).

Максімальная памылка выбаркі для адной групы склала 11,6% (на ўзроўні рэпрэзентацыйнасці 90%). У сувязі з гэтым многія адрозненні, якія мы фіксуем у даследаванні, не з'яўляюцца статыстычна значнымі і могуць адзначацца толькі ў якасці тэндэнцыі. Усведамляючы гэтыя абмежаванні і застаючыся сціплымі ў высновах, мы ўсё ж лічым, што дадзенае даследаванне дапамагае наблізіцца да разумення групавых поглядаў і інтарэсаў. Акрамя таго, вынікі даследавання ўяўляюцца важнымі, улічваючы цяжкі доступ да рэспандэнтаў з групы «ўлада» і тое, што 50 апытаных намі чыноўнікаў займаюць важныя пазіцыі.

Мэтай даследавання стала вызначэнне стаўлення пералічаных сацыяльных груп, у тым ліку чыноўнікаў, да правядзення рэформаў: наколькі яны неабходныя, якія сферы маюць патрэбу ў рэфармаванні і якія асноўныя прыярытэты, хто павінен распрацоўваць і праводзіць рэформы. Супастаўленне вынікаў даследавання 2014-2015 гг. таксама дае магчымасць зразумець, ці змянілася стаўленне да рэформаў цягам часу з улікам змен у палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Агульнае стаўленне да рэформаў

У 2014 г. чыноўнікі актыўна выражалі зацікаўленасць у правядзенні рэформаў, у 2015 г. ж сталі выражаць зацікаўленасць больш стрымана. Доля тых, хто абсалютна ўпэўнены ў неабходнасці рэфармавання, скарацілася з 50% да 42%, а доля тых, хто адказвае «хутчэй так» на пытанне «На Ваш погляд,  ці патрэбныя  ў Беларусі рэформы?», вырасла з 36% да 50%. Пры гэтым заўважна скарацілася доля тых, хто адзначае, што рэформы «хутчэй не патрэбныя» (з 14% да 4%).

Такім чынам, патрэба ў рэформах захавалася, але вырасла няўпэўненасць адносна спосабаў і метадаў іх правядзення. Гэта выснова пацвярджаецца таксама і тым, што сярод апытаных вырасла доля дзяржаўных службоўцаў, не ўпэўненых у напрамку рэфармавання. Так, на пытанне «Павінна павялічвацца ці змяншацца ступень дзяржаўнага ўплыву» не змаглі адказаць 18% дзяржслужбоўцаў (у 2014 г. – толькі 8%). Цікава, што пры гэтым большасць па-ранейшаму выступае за зніжэнне ступені дзяржаўнага ўплыву на розныя сферы жыцця краіны (паказчык застаўся на ўзроўні 56%).

Прыярытэты ў правядзенні рэформаў

Па выніках даследавання 2014 г. асноўнымі сферамі, што патрабуюць рэфармавання, на думку чыноўнікаў, былі эканоміка і сістэма дзяржаўнага кіравання. Пытанне пра найбольш прыярытэтныя сферы для рэфармавання задавалася ў дзвюх праекцыях: рэспандэнты ацэньвалі важнасць рэформаў для сябе/сваіх кіраўніцкіх структур і важнасць рэформаў для краіны ў цэлым. Складаны, з пункту гледжання стану эканомікі, 2015 г. умацаваў упэўненасць у важнасці эканамічных рэформаў з абодвух пунктаў погляду. Доля тых, хто ставіць эканоміку на першае месца ў інтарэсах сябе і сваёй арганізацыі, вырасла з 30% да 46%. Доля тых, хто ў якасці прыярытэту для ўсёй краіны выбірае рэформу эканомікі, вырасла з 40% да 52%. На фоне росту прыярытэтнасці рэформаў у эканоміцы сярод чыноўнікаў, прыярытэтнасць усіх астатніх сфер зменшылася. Але важна адзначыць, што гэта не закранула рэформу сістэмы дзяржкіравання: доля чыноўнікаў, якія ставяць рэформу дзяржкіравання на першае месца па важнасці, практычна не змянілася (24% у 2014 г. і 22% у 2015 г.).

Разам з павышэннем актуальнасці рэформаў у эканоміцы ва ўяўленні чыноўнікаў зменшылася і тэрміновасць рэфармавання ўсіх астатніх сфер. Калі ў 2014 г. 70% дзяржслужбоўцаў адзначалі, што рэформу ЖКГ і транспарта трэба правесці ў найбліжэйшыя 2 гады, цяпер такіх толькі 42%. Рэформа ЖКГ і транспарта саступіла другое месца па тэрміновасці правядзення рэформе сістэмы дзяржкіравання. 36% лічаць, што яе трэба правесці ў найкарацейшы тэрмін. Значна скарацілася ва ўспрыманні чыноўнікаў тэрміновасць правядзення рэформы адукацыі – правесці яе ў найбліжэйшыя 1-2 гады лічаць патрэбным ужо не 46%, а 18%.

Графік 5. Калі гаварыць пра краіну ў цэлым і інтарэсы ўсіх грамадзян, як тэрмінова, на Ваш погляд, неабходныя рэформы ў наступных сферах: (у найбліжэйшы час, цягам 1-2 гадоў)

Распрацоўка і правядзенне рэформаў

Нягледзячы на змены ў прыярытэтах, уяўленні пра тое, хто павінен распрацоўваць рэформы і хто можа дапамагчы, практычна не змяніліся. Па-ранейшаму 78% чыноўнікаў лічаць, што браць удзел у распрацоўцы павінны ўрад і ўрадавыя арганізацыі. Пры гэтым зменшылася доля тых, хто гатовы спадзявацца на прафсаюзы, прафесійныя арганізацыі (з 30% да 22%) і незалежных экспертаў, даследчыя цэнтры (з 54% да 42%). Замест гэтага чыноўнікі крыху часцей спадзяюцца на міжнародных экспертаў і міжнародныя арганізацыі.

Як і раней, асноўная маса дзяржслужбоўцаў разлічвае на дапамогу ў правядзенні рэформаў з боку Расіі (34% – у 2014 г.,36% – у 2015 г.) і міжнародных фінансавых арганізацый (38% – у 2014 г., 34% – у 2015 г.). Але цікава, што за год зменшылася доля тых, хто чакае дапамогі ад Еўразійскага саюза (з 22% да 10%), ступень даверу да Еўрапейскага саюза засталася ранейшай, на ўзроўні 18%, але зараз яна вышэйшая, чым давер да Еўразійскага саюза.

Вялікая доля і тых, хто лічыць, што дапамога ў правядзенні рэформаў Беларусі не патрабуецца, – 38%.

Некаторае замяшальніцтва адносна неабходнасці правядзення рэформаў выражаецца і ў ацэнцы сваёй уласнай гатоўнасці браць удзел у распрацоўцы рэформаў. Доля тых, каму цяжка  гэта ацаніць, вырасла з 4% да 12%.

Прадуктыўнае ўзаемадзеянне дзяржаўных службоўцаў з зацікаўленымі бакамі – заклад поспеху рэфармавання ў кожнай сферы. А прадуктыўнае ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці і грамадзянскага грамадства шмат у чым залежыць і ад таго, як яго ацэньваюць дзяржаўныя службоўцы. За 2015 г. гэтыя ацэнкі змяніліся нязначна. Дзяржслужбоўцы досыць высока ацэньваюць гатоўнасць прадстаўнікоў бізнес-асяроддзя браць удзел у правядзенні рэформаў. 72% чыноўнікаў лічаць, што прадстаўнікі прыватнага бізнесу і бізнес-асацыяцый гатовы ўзяць удзел на роўных падчас рэфармавання краіны. Яшчэ больш заўважна павышаецца ацэнка гатоўнасці браць удзел з боку няўрадавых арганізацый і палітычнай апазіцыі. Доля чыноўнікаў, якія адказваюць на пытанне пра гэта «хутчэй так», вырасла з 14% да 32%. Доля тых, хто адназначна кажа «не», – зменшылася з 40% да 10%.

Але гэта гаворыць хутчэй пра з'яўленне патэнцыялу для супрацоўніутва ў будучыні, бо эфектыўнасць узаемадзеяння гэтых суб'ектаў з дзяржаўнымі органамі ацэньваецца на ранейшым узроўні. Большасць чыноўнікаў  адзначаюць, што дзяржава і бізнес узаемадзейнічаюць, але недастаткова эфектыўна, механізмы патрабуюць паляпшэння (за год доля такіх вырасла з 48% да 54%). Для грамадзянскага грамадства сітуацыя выглядае аналагічна: доля тых, хто лічыць, што ўзаемадзеянне ёсць, але яно недастаткова эфектыўнае, вырасла з 54% да 66%, але галоўным чынам за кошт тых, хто гаварыў, што механізмы наладжаны.

 

Асноўныя высновы

·       У 2015 г. патрэба ў рэформах у чыноўнікаў  захавалася, хоць выражаць яе яны сталі больш стрымана. Большасць чыноўнікаў  па-ранейшаму выступаюць за зніжэнне ступені дзяржаўнага ўплыву на ўсе сферы жыцця ў рамках рэформаў.

·       Прыярытэтнасць рэфармавання эканомікі ўзрастае, таксама павялічваецца ўяўленне пра тэрміновасць правядзення эканамічных рэформаў: 86% згодны, што яны неабходны цягам найбліжэйшых 1-2 гадоў.

·       Рэформы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця губляюць прыярытэтнасць у вачах чыноўнікаў  на фоне важнасці рэформы эканомікі. Але гэта не закранае рэформу сістэмы дзяржкіравання – яна захоўвае свае пазіцыі і застаецца на другім месцы па актуальнасці.

·       На думку чыноўнікаў, дапамогу ў правядзенні рэформаў могуць аказаць Расія і міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Цікава, што доля дзяржслужбоўцаў, якія спадзяюцца на дапамогу Еўразійскага саюза, скарацілася з 22% да 10%.

·       Па-ранейшаму 78% чыноўнікаў  лічаць, што браць удзел у распрацоўцы павінны ўрад і ўрадавыя арганізацыі. Дзяржслужбоўцы ў меншай ступені, чым у 2014 г., разлічваюць на ўдзел незалежных экспертаў і прафсаюзаў.

·       Але гатоўнасць уласнай арганізацыі ўзяць удзел у распрацоўцы рэформаў чыноўнікі  ацэньваюць некалькі ніжэй, чым у 2014 г. (доля адказаў «гатовы» ці «хутчэй гатовы» змяншаецца з 74% да 66%), а гатоўнасць бізнес-супольнасці і грамадзянскага грамадства трохі вышэйшая, чым у 2014 г. Доля адказаў «гатовы» ці «хутчэй гатовы» ў выпадку бізнес-супольнасці ўзрасла з 66% да 72%, у выпадку грамадзянскага грамадства – з 18% да 34%.

·       Ацэньваючы ўзаемадзеянне дзяржорганаў і бізнес-супольнасці, як і ў 2014 г., большасць чыноўнікаў  гавораць пра тое, што яно недастаткова эфектыўнае, механізмы патрабуюць паляпшэння (54%). Гэта датычыць і ацэнкі ўзаемадзеяння дзяржорганаў з грамадзянскім грамадствам: папулярнасць адказу пра тое, што механізмы ўзаемадзеяння патрабуюць паляпшэння, узрастае з 54% да 66%.