Ценявая эканоміка Беларусі ў рэгіянальнай перспектыве

Друкаваная версіяPDF версія

Даследаванне прысвечана аналізу грамадскага ўспрымання ценявой эканомікі і ацэнцы ўцягвання грамадзян у ценявую дзейнасць. Мэта работы – дэманстрацыя і аналіз вынікаў рэпрэзентатыўных апытанняў грамадскай думкі, праведзеных у траўні–чэрвені 2015 года адначасова ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Швецыі. BISS выступіў у якасці ўдзельніка даследчага кансорцыуму, які быў арганізаваны і працаваў пад кіраўніцтвам Літоўскага інстытута свабоднага рынку Літвы (LLRI).

У даследаванні выкарыстана «вузкая» трактоўка тэрміну «ценявая эканоміка», якая ўключае рынкавую вытворчасць выключна законных тавараў і паслуг, якія наўмысна прыхоўваюцца ад дзяржаўных органаў. Унікальнасць дадзенага  даследавання заключаецца як у шырокім рэгіянальным ахопе (шэсць краін адначасова), так і ва ўніфікацыі метадалогіі аналізу. Апытанні праводзіліся даследчай кампаніяй SprinterResearch метадам CAWI (ComputerAssistedWebInterview). Агульная выбарка склала 6035 рэспандэнтаў, выбарка па Беларусі — 1002 (18-75 гадоў, структураваная па поле, узросце і тыпе населеных пунктаў).

Асноўныя высновы даследавання, якія тычацца Беларусі:

- Аб’ём ценявой занятасці (праца без афармлення ці атрыманне заробкаў у канверце) у Беларусі з’яўляецца найбольшым у параўнанні з іншымі краінамі, у якіх праводзілася даследаванне, і можа быць ацэнены ў 33% ад ВУП.

- Аб’ём пакупак, здзейсненых «у ценю» (у прадаўца, які не дэкларуе транзакцыю ці не з’яўляецца легальным), таксама большы, чым у пяці іншых краін і можа быць ацэнены ў 4,9% ад ВУП.

- Беларускія рэспандэнты разумеюць рызыку быць злоўленымі і ўспрымаюць пакаранне як дастаткова суровае.

- Сектары, у якіх ценявая дзейнасць найбольш распаўсюджаная, гэта: будаўніцтва і рамонт, аптовы і рознічны бізнес, звязаны з гандлем вопраткай і прадуктамі харчавання, аўтамабільны бізнес, а таксама  бізнес, звязаны з продажам бытавой тэхнікі.

- Уцягванне ў ценявую эканоміку беларусы тлумачаць эканамічнымі прычынамі (кошт тавараў на «шэрым» рынку ніжэйшы, заработная плата «ў канверце» дазваляе пазбегнуць падаткаў і, адпаведна, павялічваць даход). Зніжэнне цэн і рост даходаў могуць знізіць аб’ём «ценявога» сектара.

- Больш эканамічна актыўныя людзі (мужчыны, людзі з больш высокім даходам) ацэньваюць рызыку ад удзелу ў ценявой дзейнасці як больш нізкую. Гэта з’яўляецца дадатковым драйверам развіцця ценявога сектара, паколькі гэтыя людзі могуць выступаць як лідары меркаванняў.

- Занятасць у ценявой эканоміцы больш характэрная для найменш сацыяльна абароненых груп. Такія тэндэнцыі робяць феномен яшчэ больш сацыяльна небяспечным.