РЭФОРУМ.Прадпрымальнікі: адчуванне крызісу і зніжэнне запыту на рэформы

Друкаваная версіяPDF версія

Даследаванне стаўлення прадпрымальнікаў да рэформаў, праведзенае BISS у канцы 2015 г., выявіла зніжэнне зацікаўленасці гэтай групы насельніцтва ў неабходнасці правядзення рэформаў у цэлым, а таксама рост зацікаўленасці ў рэформах дзяржаўных інстытутаў, калі гаворка ідзе пра правядзенне рэформаў у інтарэсах краіны. Найбольш важнай для рэфармавання сферай – як ва ўласных інтарэсах, так і ў інтарэсах краіны – прадпрымальнікі па-ранейшаму лічаць эканоміку.

Эканамічны крызіс абвастрыў некаторыя праблемы, якія тычацца дзейнасці прадпрымальнікаў: прадпрымальнікі сталі часцей гаварыць пра неабходнасць укаранення мер, што тычацца рынку працы.

BISS прадстаўляе высновы чарговай (другой) хвалі даследавання сярод прадстаўнікоў: а) бізнесу (далей у тэксце – «прадпрымальнікі»); б) улады (далей – чыноўнікі); в) грамадзянскага грамадства і палітычнай апазіцыі. Першы раўнд апытанняў праводзіўся ў верасні 2014 г., другі – у перыяд, пачынаючы з 18 кастрычніка да 30 лістапада 2015 гг. Метад даследавання – індывідуальныя структураваныя face-to-face інтэрв'ю з наступным лікам рэспандэнтаў у кожнай хвалі: бізнес (50); улада (50); грамадзянскае грамадства і палітычная апазіцыя (100).

Максімальная памылка выбаркі склала 11,6% (на ўзроўні рэпрэзентацыйнасці 90%). У сувязі з гэтым многія адрозненні, якія фіксуюцца ў даследаванні, не з'яўляюцца статыстычна значнымі і могуць адзначацца толькі ў якасці тэндэнцыі. Усведамляючы гэтыя абмежаванні і застаючыся сціплымі ў высновах, мы ўсё ж лічым, што дадзенае даследаванне дапамагае наблізіцца да разумення поглядаў і інтарэсаў прадпрымальнікаў.

Вынікі апытання прадпрымальнікаў дэманструюць іх стаўленне да правядзення рэформаў: прадпрымальнікам прапанавалася ацаніць іх прыярытэтнасць, тэрміновасць і эфектыўнасць, а таксама выказаць сваё стаўленне да ўкаранення пэўных мер у рамках магчымых рэформаў. Галоўная выснова, якую можна зрабіць на падставе аналізу даных апытання, – прадпрымальнікі, як і летась, адчуваюць патрэбу ў зніжэнні дзяржаўнага кантролю і ўплыву на эканоміку і грамадства, а таксама дастаткова высока ацэньваюць патрэбнасць у правядзенні рэформ.

Агульнае стаўленне да рэформаў

У параўнанні з вераснем 2014 г. для прадпрымальнікаў характэрны больш нізкі запыт на рэформы (гл. графік 1). Калі ў 2014 г. амаль дзве трэці апытаных прадпрымальнікаў (74%) былі цалкам упэўнены ў неабходнасці правядзення рэформаў у Беларусі, то ў 2015 г. доля такіх прадпрымальнікаў складае ўжо 56%. Падзенне ўпэўненасці ў неабходнасці рэформаў, напэўна, тлумачыцца эканамічным крызісам: прадпрымальнікі баяцца, што правядзенне рэформаў у перыяд крызісу пагоршыць іх (прадпрымальнікаў) становішча.

Адначасова з гэтым сярод прадпрымальнікаў з'явілася невялікая доля тых, каму цяжка адказаць, ці патрэбныя  краіне рэформы (4%), а таксама тых, хто лічыць, што Беларусь не мае патрэбы ў рэформах (2%).

Графік 1. На Ваш погляд,  ці патрэбныя  ў Беларусі рэформы?

У той жа час сярод прадпрымальнікаў змяншаецца – хоць і нязначна – упэўненасць у тым, якую скіраванасць павінны мець будучыя рэформы: яны павінны быць накіраваны на павелічэнне ці на зніжэнне ўзроўню дзяржаўнага рэгулявання (гл. графік 2).

Калі летась 80% прадпрымальнікаў былі ўпэўнены, што рэформы павінны быць накіраваны на зніжэнне ўплыву дзяржавы, то ў канцы 2015 г. доля такіх прадпрымальнікаў зменшылася на 4 працэнтныя пункты – да 76%. Колькасць прадпрымальнікаў, упэўненых, што рэформы павінны быць накіраваны на павышэнне ўзроўню дзяржаўнага ўплыву, не змянілася: іх доля па-ранейшаму складае 16%. Колькасць прыхільнікаў зніжэння ўзроўню дзяржрэгулявання знізілася з-за росту долі тых, хто не ведае, у якім кірунку павінны рухацца рэформы (павелічэнне з 4% да 8%).

Графік 2. Рэформы ў розных сферах жыцця краіны, на Ваш погляд, павінны быць пераважна накіраваны на…

Прыярытэты ў правядзенні рэформаў

Пытанне пра прыярытэтнасць рэформаў задавалася прадпрымальнікам у дзвюх фармуліроўках. У адной з фармуліровак прадпрымальнікаў прасілі ацаніць прыярытэтнасць рэформаў, зыходзячы з патрэб саміх прадпрымальнікаў і патрэб арганізацыі, у якой яны працуюць. У другой фармуліроўцы прадпрымальнікі павінны былі ацаніць прыярытэтнасць рэформаў з улікам патрэб усёй краіны.

У параўнанні з 2014 г. у асяроддзі прадпрымальнікаў вырасла ўпэўненасць у тым, што – калі ўлічваць выключна іх інтарэсы – прыярытэтнымі для рэфармавання сферамі з'яўляюцца эканоміка і ахова здароўя. Рост па гэтых сферах складае 8 п.п. (да 68%) і 2 п.п. (да 14%) адпаведна. Прыярытэтнасць іншых сфер застаецца без змен, за выключэннем  ЖКГ і дзяржаўнага кіравання (гл. графік 3).

Характэрным з'яўляецца той факт, што, як і летась, ніводзін з прадпрымальнікаў не паставіў судовую сістэму на першае месца па прыярытэтнасці рэфармавання. Напэўна, гэта звязана з тым, што прадпрымальнікі досыць рэдка звяртаюцца ў суд па пытаннях, якія датычацца іх прафесійнай дзейнасці.

Графік 3. Прыярытэтнасць сфер рэфармавання для прадпрымальнікаў[1]

Эканамічны крызіс узмацніў упэўненасць прадпрымальнікаў у тым, што правядзенне рэформаў у інтарэсах краіны не столькі патрэбна ў асобных сферах, колькі павінна закранаць перадусім сістэму кіравання. У 2015 г. прадпрымальнікі ацанілі прыярытэтнасць рэфармавання аховы здароўя і эканомікі ў інтарэсах краіны ніжэй, чым у 2014 г. Адначасова з гэтым амаль трэць апытаных прадпрымальнікаў (28%) на першае месца па важнасці паставілі рэформу сістэмы дзяржаўнага кіравання. Летась такі выбар зрабілі толькі 8% прадпрымальнікаў (гл. графік 4).

Графік 4. Прыярытэтнасць сфер рэфармавання для краіны на думку прадпрымальнікаў[2]

Калі гаворка заходзіць пра тэрміновасць правядзення рэформаў у розных сферах (у інтарэсах краіны), у ацэнках прадпрымальнікаў эканоміка, як і летась, застаецца на першым месцы (графік 5). Пры гэтым прадпрымальнікі часцей сталі ўказваць на неабходнасць правядзення рэформаў дзяржаўных інстытутаў: палітычнай і судовай сістэм (+20 і 18 п.п. адпаведна ў параўнанні з 2014 г.), а таксама сістэмы дзяржкіравання (+6 п.п.). Долі рэспандэнтаў, якія ўказалі на патрэбу правядзення тэрміновых рэформаў у сацыяльных сферах – ахове здароўя і сацыяльным забеспячэнні, – моцна знізіліся: на 26 і 8 п.п. адпаведна.

Графік 5. Тэрміновасць правядзення рэформаў у канкрэтных сферах (у інтарэсах краіны) на думку прадпрымальнікаў[3]

Як і летась, прадпрымальнікі скептычна ставяцца да перспектывы правядзення ў Беларусі структурных рэформаў з прыцягненнем дапамогі Еўразійскага саюза (у 2015 г. «за» выказаліся 18% прадпрымальнікаў), Кітая (16%) і ЗША(8%). На думку прадпрымальнікаў, такая дапамога можа быць аказана перадусім міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі (38%), Еўрапейскім саюзам (34%) і Расіяй (28%).

Графік 6. На Ваш погляд, хто можа дапамагчы Беларусі ў правядзенні структурных рэформаў?

Сярод унутраных актораў, якія павінны браць удзел у распрацоўцы рэформаў для Беларусі, у 2015 г. прадпрымальнікі ў значна большай ступені хацелі б бачыць урадавыя структуры і незалежныя даследчыя цэнтры (+14 п.п. і +18 п.п. адпаведна). Вельмі нязначна вырасла колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць, што ў распрацоўцы рэформаў павінна браць удзел палітычная апазіцыя (рост на 4 п.п.). Меншая колькасць прадпрымальнікаў, апроч таго, хоча бачыць сярод распрацоўшчыкаў рэформаў прафсаюзы (-10 п.п.).

Графік 7. На ваш погляд, хто павінен распрацоўваць рэформы ў Беларусі?

У 2015 г. прадпрымальнікі сталі больш пазітыўна ацэньваць узаемадзеянне паміж бізнесам і дзяржавай. Большасць рэспандэнтаў па-ранейшаму ўказваюць, што ўзаемадзеянне бізнесу і дзяржавы або малаэфектыўнае, або адсутнічае (сумарна – 50%). Але значна большая колькасць апытаных прадпрымальнікаў паказалі на тое, што ўзаемадзеянне само па сабе ў прынцыпе ажыццяўляецца. У 2014 г. на гэта ўказалі толькі 16% прадпрымальнікаў, а ў 2015 г. іх доля павялічылася да 34%. Доля прадпрымальнікаў, якія адзначылі, што цяперашняе ўзаемадзеянне малаэфектыўнае, зменшылася амаль у два разы: з 62% да 32%.

Графік 8. Ацэнка прадпрымальнікамі інтэнсіўнасці і эфектыўнасці ўзаемадзеяння з дзяржавай[4]

Стаўленне да эканамічных рэформаў

Як ужо ўказвалася вышэй, калі гаворка заходзіць пра інтарэсы бізнесу, найбольш прыярытэтнай сферай для рэфармавання прадпрымальнікі называюць эканоміку. Пры гэтым сярод пэўных мер па рэфармаванні эканомікі (гл. графік 9) найбольш важнымі мерамі прадпрымальнікі лічаць зніжэнне падатковага цяжару для прадпрыемстваў (64% у 2015 г.), устанаўленне роўных умоў гаспадарання для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў (56%), і ўстанаўленне свабоднага коштаўтварэння (51%).

У 2015 г. зацікаўленасць прадпрымальнікаў ва ўсіх мерах, апроч тых, што датычацца рэфармавання рынку працы і свабоды знешняга гандлю, падае. Доля рэспандэнтаў, якія ўказваюць на неабходнасць правядзення рэформаў у вобласці найму супрацоўнікаў і ўстанаўлення зарплаты, расце з 39% да 51%; доля тых, хто лічыць патрэбным скасаванне кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, вырастае з 14% да 16%.

Графік 9. Якія меры неабходны пры рэформах у сферы эканомікі?

Кажучы канкрэтна пра меры па рэфармаванні рынку працы (гл. графік 10), сярод галоўных праблем прадпрымальнікі вылучаюць празмерна высокі ровень адлічэнняў у ФСАН (54%), недастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі супрацоўнікаў (34%), нізкую матывацыю супрацоўнікаў (32%), а таксама існаванне абмежаванняў у працэдуры найму і звальнення супрацоўнікаў (24%).

Графік 10. Што з пералічаных асаблівасцяў рынку працы, на Ваш погляд, мае самы істотны негатыўны ўплыў на эканамічнае становішча прадпрыемстваў і развіццё бізнесу ў Беларусі?

Кажучы пра рызыку росту беспрацоўя падчас эканамічнага крызісу (гл. графік 11), прадпрымальнікі настойваюць на лібералізацыі рынку працы як асноўным механізме, які дазволіў бы гарантаваць працаўладкаванне грамадзянам, якія страцілі працу (58%). Значна меншая колькасць прадпрымальнікаў лічыць, што падтрымка ўзроўню занятасці павінна забяспечвацца простай дапамогай дзяржавы ці строгім рэгуляваннем рынку працы (30% і 12% адпаведна).

Графік 11. Стаўленне да мер па рэгуляванні безпрацоўя[5]

Асноўныя высновы:

• Прадпрымальнікі лічаць патрэбным правядзенне ў Беларусі рэформаў, але іх упэўненасць у гэтым падае. Доля тых, хто лічыць правядзенне рэформаў у Беларусі неабходным, змяншаецца з 74% да 56%.

• Прадпрымальнікі па-ранейшаму лічаць рэформу эканомікі найбольш важнай – як для бізнесу самога па сабе (68%), так і для краіны ў цэлым (44%). У той жа час, калі гаворка заходзіць пра прыярытэтнасць рэформаў у інтарэсах краіны, прадпрымальнікі значна часцей сталі гаварыць пра неабходнасць правядзення рэформаў дзяржаўных інстытутаў: рэформы судовай (42% прадпрымальнікаў) і палітычнай (52%) сістэм, а таксама сістэмы дзяржаўнага кіравання (62%).

• Захоўваецца ўпэўненасць у тым, што асноўная дапамога пры ўкараненні рэформаў павінна зыходзіць ад ЕС (34%),Расіі (28%) і міжнародных фінансавых арганізацый (38%). У той жа час унутранымі распрацоўшчыкамі рэформаў, на думку прадпрымальнікаў, павінны быць урад (64%) і незалежныя даследчыя цэнтры (64%).

• У разгар эканамічнага крызісу прадпрымальнікі сталі больш востра адчуваць неабходнасць укаранення змен, што тычацца рынку працы: скасавання тэрміновых працоўных кантрактаў (16%), лібералізацыі правіл найму на працу (52%), а таксама гавораць пра лібералізацыю рынку працы ў цэлым як меры па абароне насельніцтва ад беспрацоўя (58%).



[1] Працэнт тых, хто паставіў пэўную сферу на 1-е месца па прыярытэтнасці пры адказе на пытанне: «Праранжыруйце наступныя сферы грамадскага жыцця так, каб на 1-м месцы была тая, у якой для інтарэсаў Вашай арганізацыі/фірмы, кіраўніцкай структуры, якую Вы прадстаўляеце, рэформы неабходныя больш за ўсё, на 9-м – тая, якая менш за ўсё мае патрэбу ў рэфармаванні».

[2]Працэнт тых, хто паставіў пэўную сферу на 1-е месца па прыярытэтнасці пры адказе на пытанне: «Праранжыруйце наступныя сферы грамадскага жыцця так, каб на 1-м месцы была тая, у якой для краіны ў цэлым рэформы неабходныя больш за ўсё, на 9-м – тая, якая менш за ўсё мае патрэбу ў рэфармаванні».

 

[3] Размеркаванне адказаў на пытанне: «Калі гаварыць пра краіну ў цэлым і інтарэсах усіх грамадзян, як тэрмінова, на Ваш погляд, неабходныя рэформы ў наступных  сферах (у найбліжэйшы час, цягам 1-2 гадоў)?».

[4] Размеркаванне адказаў на пытанне: «Наколькі эфектыўна, паводле Вашага меркавання, узаемадзеянне дзяржавы і прыватнага бізнесу, бізнес-асацыяцый у цяперашні час?».

[5]Размеркаванне адказаў на пытанне: «Улічваючы, што ва ўмовах правядзення структурных рэформаў у эканоміцы імавернасць павышэння беспрацоўя высокая, якая роля дзяржавы ў вырашэнні праблем беспрацоўя здаецца Вам найбольш пераважнай?».