РЭФОРУМ. Краінавая канкурэнтаздольнасць Беларусі: кароткі агляд асноўных тэндэнцый

Друкаваная версіяPDF версія

У даследаванні, праведзеным у рамках праекта «РЭФОРУМ», прааналізавана, за кошт чаго Беларусь можа павысіць сваю прывабнасць для інвестыцый і вядзення бізнесу, па якіх параметрах краіна недацягвае да суседзяў, а па якіх дасягнула добрых паказчыкаў.

З 2011 года ў дыскурс беларускіх уладаў трывала ўвайшлі сцвярджэнні пра неабходнасць павышэння краінавай канкурэнтаздольнасці. І хоць у большасці выпадкаў улады казалі пра беларускі экспарт, усё часцей сталі гучаць размовы аб канкурэнтаздольнасці краіны ў цэлым, не абмяжоўваючыся адной толькі неабходнасцю павышэння прывабнасці беларускіх тавараў на знешніх рынках.

Павышэнне пазіцый Беларусі ў міжнародных рэйтынгах упершыню з’явілася як адзін з напрамкаў дзейнасці ўрада ў Праграме дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусі на 2011–2015 гады. Акрамя таго, выказванні пра неабходнасць павышэння краінавай канкурэнтаздольнасці Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі рэгіёну сталі гучаць у публічных выступах Кірылы Рудога, прызначанага памочнікам прэзідэнта Беларусі па эканамічных пытаннях у чэрвені 2013 года.

Мэтай дадзенай працы з’яўляецца вызначэнне месца Беларусі сярод краін рэгіёну па ўзроўні асноўных паказчыкаў краінавай канкурэнтаздольнасці, а таксама кароткае апісанне дынамікі гэтых паказчыкаў. У працы быў прадстаўлены агляд існуючых методык ацэнкі краінавай канкурэнтаздольнасці, а таксама быў праведзены кароткі аналіз асноўных параметраў, якія вызначаюць канкурэнтаздольнасць Беларусі.

Намі былі апісаныя метадалогіі вызначэння краінавай канкурэнтаздольнасці WEF, IMD, АЭСР і канцэпцыя Портэра. З улікам таго, што Беларусь не ўключана ў рэйтынгі WEF і IMD праз адсутнасць надзейных дадзеных, такое апісанне было неабходнае для разумення логікі пабудовы паняцця канкурэнтаздольнасці. Каб акрэсліць паняцце канкурэнтаздольнасці, мы абралі вызначэнне з канцэпцыі Майкла Портэра: здольнасць краіны выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы для паскарэння эканамічнага росту і павелічэння дабрабыту насельніцтва. Паколькі падыходы IMD, WEF і канцэпцыя Портэра вызначаюць бізнес як галоўны драйвер эканамічнага росту, у далейшым у працы бізнес як галоўны рэсурс, неабходны для дасягнення высокага ўзроўню канкурэнтаздольнасці.

З улікам асаблівасцяў рэйтынгаў IMD і WEF, а таксама метадалогіі Майкла Портэра, мы вылучылі агульныя для гэтых метадалогій складнікі канкурэнтаздольнасці і вызначылі паказчыкі, на падставе якіх можа быць дадзена іх ацэнка. Праведзены намі аналіз дынамікі паказчыкаў дэманструе, што па складніках канкурэнтаздольнасці Беларусь паказвае значна меншы поспех, чым краіны рэгіёну.

Высокія вынікі Беларусь дэманструе толькі ў паказчыках заканадаўчых умоў вядзення бізнесу і некаторых макраэканамічных паказчыках (у першую чаргу, тэмпах росту ВУП). Аднак гэтыя поспехі нівеліруюцца негатыўным уплывам іншых фактараў (у выпадку  бізнесу – моцным уплывам карупцыі) і не сведчаць пра эфектыўную работу ўрада (як у выпадку ВУП, хуткі рост якога шмат у чым абумоўлены расійскім субсідаваннем). Рост краінавай канкурэнтаздольнасці Беларусі патрабуе паляпшэння цэлага шэрагу паказчыкаў, якія ўплываюць на працаздольнасць прадпрыемстваў.

Згодна з Портэрам, рост краінавай канкурэнтаздольнасці магчымы пры росце эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў; гэты рост, у сваю чаргу, павышае прадукцыйнасць працы. З гэтай прычыны для дасягнення высокай канкурэнтаздольнасці Беларусі неабходнае ўкараненне шэрагу рэформ, якія б павысілі эфектыўнасць працы прадпрыемстваў.

Мы мяркуем, што гэтыя рэформы, у першую чаргу, павінны тычыцца прыватных прадпрыемстваў і мусяць быць накіраваныя на павелічэнне ўкладу прыватнага сектара ў ВУП. Як ужо паказвалася вышэй, хуткі рост беларускай эканомікі, які назіраўся ў 2000–2010 гадах, у значнай ступені быў стымуляваны расійскімі субсідыямі, а не высокай прадукцыйнасцю працы на прадпрыемствах. Хоць эканамічны рост з’яўляецца выніковай мэтай высокай краінавай канкурэнтаздольнасці, у выпадку з Беларуссю ён быў дасягнуты за кошт выкарыстання знешняй дапамогі: ільготных умоў паставак энерганосьбітаў і прыярытэтнага доступу на расійскі рынак. Для забеспячэння «канкурэнтаздольнага» эканамічнага росту Беларусі, такім чынам, неабходныя рэформы, якія дадуць магчымасць бізнесу ў большай меры выкарыстаць свой патэнцыял

Бягучая сістэма дзяржкіравання ў Беларусі сур'ёзна абмяжоўвае патэнцыял бізнесу. У гэтым кірунку неабходна павышэнне якасці дзяржкіравання, празрыстасці заканадаўства і эфектыўнасці ўрада, а таксама барацьба з карупцыяй: гэта дазволіць бізнесу працаваць у больш прадказальных адміністратыўных і прававых умовах.

У галіне інфраструктуры Беларусі неабходна дадатковае развіццё і паляпшэнне якасці лагістыкі для больш эфектыўнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу як драйвера эканамічнага развіцця.

У цэлым для павышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі неабходна зніжэнне адміністрацыйных бар’ераў у галіне рэгулявання бізнесу, а таксама лібералізацыя і рэфармаванне рынку працы для павышэння стымулаў работнікаў да павелічэння прадукцыйнасці.

У галіне макраэканамічнай палітыкі і гандлю Беларусі неабходны пераход ад палітыкі макраэканамічнага папулізму да правядзення структурных рэформаў. Гэта дасць магчымасць стымуляваць рост краінавай канкурэнтаздольнасці за кошт стварэння стабільнага макраэканамічнага асяроддзя, якое дазваляе бізнесу дзейнічаць ва ўмовах большай эканамічнай упэўненасці.

Чытайце даследаванне ў фармаце PDF