Беларускі знешнепалітычны індэкс № 28 (верасень–кастрычнік 2015 года)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе дваццаць восьмы выпуск «Беларускага знешнепалітычнага індэкса». У ім мы аналізуем знешнюю палітыку Беларусі па пяці напрамках у верасні–кастрычніку 2015 года.

У адносінах з Расіяй захоўвалася напружанасць, звязаная з пытаннем стварэння ў Беларусі расійскай авіябазы. Аднак яна не закранула бягучыя працоўныя ўзаемаадносіны – інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў нават узрасла. Акрамя таго, беларускія чыноўнікі сталі больш актыўна прасоўваць інтарэсы краіны ў структурах ЕАЭС.

Пасля вызвалення палітвязняў і на фоне прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі краіны Еўрасаюза займаліся выпрацоўкай сумеснай пазіцыі для сярэдне- і доўгатэрміновай рэакцыі на крокі афіцыйнага Мінска па нармалізацыі адносін. Актыўныя дыпламатычныя кантакты працягнуліся. Акрамя таго, узмацніўся эканамічны складнік у беларускай дыпламатыі на еўрапейскім кірунку.

Вынікі візіту А.Лукашэнкі ў Кітай аказаліся досыць сціплымі, аднак беларускае кіраўніцтва змагло атрымаць ад кітайскіх калег запэўніванні ў магчымасці перагляду двухбаковага супрацоўніцтва на карысць большай выгады для нашай краіны. Кітай стаў надаваць Беларусі больш увагі, гэта звязана з  праектам Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, які цяпер набірае абароты, а таксама з пагаршэннем эканамічнага становішча Беларусі і дыскусіямі пра магчымае рэфармаванне беларускай мадэлі эканомікі. У выпадку такога рэфармавання кітайскі бок хоча быць упэўненым у захаванні ўсіх сваіх пазіцый у Беларусі.

Адбылося рэзкае зніжэнне інтэнсіўнасці кантактаў практычна з усімі рэгіёнамі свету, які развіваецца, за выключэннем Лацінскай Амерыкі і Паўднёвай Азіі. Агульнай прычынай гэтага, верагодна, была занятасць знешнепалітычнага ведамства пытаннямі адносін з Захадам ды краінамі рэгіёну і забеспячэння прызнання прэзідэнцкіх выбараў. Інтэнсіфікацыя адносін з Лацінскай Амерыкай з’яўляецца спробай пераадолець спад і застой папярэдніх месяцаў.

Палітычныя адносіны з Украінай заставаліся добразычлівымі і канструктыўнымі. Найбольш значным крокам беларускага боку стала адмова ад размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы, што было пазітыўна ўспрынята ва Украіне. Разам з тым, у сферы гандлю назіраліся некаторыя трэнні, звязаныя з раней уведзенымі Беларуссю новымі правіламі імпарту прадукцыі.

Беларускі знешнепалітычны індэкс №28 у фармаце pdf