Выбары 2015: Ілюзія адзінства перад пачаткам рэформ?

Друкаваная версіяPDF версія

Выбары прайшлі абсалютна прадказальна для большасці назіральнікаў – Аляксандр Лукашэнка атрымаў 83,5% галасоў выбаршчыкаў, а яго канкурэнтам дасталася менш за 5% кожнаму. На другім месцы апынуўся кандыдат «супраць усіх», а Таццяна Караткевіч – атрымала трэцяе месца.

Усё як звычайна: Цэнтравыбаркам праспяваў «the winner takes it all» пад падрыхтаваную фанаграму, міжнародныя назіральнікі адзначылі нясмелы прагрэс у параўнанні з 2010 годам, але ў цэлым у працэдуру і вынікі выбараў так і не паверылі. Адзінае пытанне – чаму ўладам спатрэбілася перамагаць з такімі спецэфектамі: абгрунтаваць лічбу 83,5% складаней, чым, скажам, 60%, у якую паверыць было б лягчэй.

Фактараў тут некалькі. Першы – зусім банальны: беларуская ўлада ніколі добраахвотна не ішла на якія-небудзь саступкі, пакідаючы прастору для манеўру на той выпадак, калі саступаць усё ж прыйдзецца. І Лукашэнка перамог з лічбай 83,5% таму, што і пры ёй мог дамагчыся ўсяго таго, чаго дамогся.

Другі – дзейнічае інэрцыя: выйграваючы наступныя выбары з лічбай, істотна ніжэйшай за папярэднія, улада паказвае, што стала менш папулярнай.

Па-трэцяе, падобны вынік дазваляе не рэфармаваць палітычную сістэму: улада можа не кааптаваць кантрэліты, аргументуючы гэта тым, што кантрэліт па сутнасці не існуе (да 5% у альтэрнатыўных кандыдатаў – гэта надта нізкі вынік, каб гаварыць пра прадстаўніцтва якой-небудзь уплывовай групы).

У дадатак да гэтага, відавочна, была зроблена стаўка на дэманстрацыю максімальнага адзінства нацыі перад тварам эканамічнага крызісу.  Верагодна, улада як ніхто іншы добра разумее рэальны стан спраў у эканоміцы і ведае, што без непапулярных мер не абыйсціся. І справа тут не ў тым, што Лукашэнка вырашыўся на структурныя рэформы (само слова «рэформы» для яго хутчэй лаянкавае – так называлася эпоха пачатку 90-х, якая адняла ў людзей дабрабыт і дапамагла яму вырваць уладу з рук апанентаў з наменклатуры, што перажыла распад СССР). Калі правесці аналогію з грамадзянскай авіяцыяй, у сітуацыі турбулентнасці, у якую Беларусь трапляе, паводле меркавання лётнага экіпажа, беларусы павінны не толькі быць прышпіленыя да самалётных крэслаў, але і пастаянна пляскаць экіпажу. У выніку гэта заклікана стварыць нейкую ілюзію бяспекі: пілоты павераць у тое, што пасажыры ім давяраюць, а пасажыры павераць у тое, што экіпаж ведае, куды ляцець і як заходзіць на пасадку.

Па-чацвёртае, мяркуючы па працэнту, набранаму Таццянай Караткевіч, улада пакуль што не бачыць сэнсу ў стварэнні фасаднай дэмакратыі шляхам развіцця партыйнай сістэмы і з'яўлення сістэмнай апазіцыі ў парламенце. Паказальна, што падчас выбарчай кампаніі адбыўся раскол у шэрагах апазіцыі на дзве групы. У авангардзе першай была Таццяна Караткевіч. Гэта група ахвотнікаў стаць «сістэмнай апазіцыяй», г.зн. заняць апазіцыйную ролю ў рамках існага рэжыму і дамагацца змен шэрагу дзяржаўных палітык, не замахваючыся на змену самога рэжыму ці не кажучы пра гэта ў лоб. Другая група – гэта несістэмная апазіцыя, мэта якой заключалася і заключаецца ў змене рэжыму. У рамках другой групы таксама не было кансэнсусу: А. Лябедзька і С. Калякін паспрабавалі сабраць подпісы, але, не здолеўшы гэтага зрабіць, пачалі сумесна з У. Някляевым і М. Статкевічам пераконваць грамадства ў тым, што «ігнор» з'яўляецца лепшай з магчымых стратэгій барацьбы з Лукашэнкам (чым «ігнор» адрозніваецца ад «байкоту» і як гэта павінна прывесці да перамогі, выразна растлумачана, праўда, не было).  Пры гэтым сістэмная апазіцыя (якая, дарэчы, так і не стала сістэмнай) паспяшалася адрачыся ад несістэмнай, а несістэмная адраклася ад «сістэмнай», але так і не адважылася паклікаць народ на Плошчу. 

Увогуле нягледзячы на ўмераную і канструктыўную рыторыку падчас выбарчай кампаніі, Таццяне Караткевіч паказалі на яе рэальнае месца ў беларускай палітыцы, паставіўшы яе ў выніках галасавання пасля кандыдата «супраць усіх». З такім вынікам Караткевіч і кампанія «Гавары праўду» наўрад ці могуць прэтэндаваць на ўваходжанне ў палітычную сістэму як выразнік меркавання нязгоднай меншасці. Але для канструктыўнай «апазіцыі Яго Вялікасці» (па аналогіі з сярэднявечнай Брытаніяй) усё ж можа ўтварыцца ніша ў новых раскладах, калі ўлада сапраўды пачне рэформы і ёй спатрэбіцца падзяліць адказнасць за хваравітыя наступствы гэтых рэформ з кімсьці, хто найбольш актыўна гэтых рэформ патрабаваў. Кіруючыся такой логікай, каманда Караткевіч можа разлічваць не толькі на правядзенне ў парламент сваіх прадстаўнікоў, але і на некаторыя неключавыя пазіцыі ў дзяржаўных органах: наўрад ці ва ўлады знойдуцца аргументы супраць паслуг валанцёраў, якія гатовыя стаць камікадзэ.

Па-пятае, кіраўніцтва Беларусі, мабыць, зрабіла стаўку на тое, што Еўрапейскі саюз і Захад у цэлым, улічваючы міжнароднае становішча, будуць працягваць палітыку нармалізацыі адносін з Беларуссю, незалежна ад таго, з якім працэнтам пераможа дзейсны кіраўнік дзяржавы. Бо менавіта ён з'яўляецца гарантам стабільнасці краіны (на фоне нестабільнасці ва Украіне) і курсу на нейтралітэт у адносінах да ўкраінскага крызісу. Галоўнае, што турбуе цяпер Брусель – гэта адсутнасць у Беларусі рэпрэсій супраць апазіцыі, паколькі гэта створыць негатыўны малюнак у заходніх СМІ і, як следства, ціск грамадскай думкі на асоб, якія прымаюць рашэнні. Менавіта таму Мінск так імкнуўся пазбегнуць любых эксцэсаў у дзень галасавання і цярпець несанкцыянаваныя акцыі апазіцыі напярэдадні выбараў.

Вынікі выбараў і дадзеныя незалежнага назірання даюць падставу меркаваць, што выніковы даклад місіі БДІПЧ АБСЕ, на які звычайна абапіраецца ЕС у сваёй ацэнцы выбараў, будзе неспрыяльны – выбары не будуць прызнаны дэмакратычнымі і адпаведнымі стандартам АБСЕ. Пра гэтага ужо можна было меркаваць і па папярэдніх заявах міжнародных назіральнікаў, зробленых 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі. Але цалкам верагодна, што, як і ў 2008 г., у дакладзе будуць адзначаны некаторыя станоўчыя змены, што разам з нядаўнім вызваленнем палітвязняў і дасць нагоду Еўрапейскаму саюзу прыпыніць дзеянне санкцый[1] у адносінах да беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў і працягнуць працэс нармалізацыі, у якім цяпер зацікаўлены абодва бакі.

Акрамя фактару Украіны і новай «халоднай вайны» паміж Захадам і Расіяй важнымі прычынамі зацікаўленасці ў паляпшэнні адносін з Мінскам з'яўляецца ўсведамленне неэфектыўнасці ўсіх папярэдніх спроб дэмакратызацыі Беларусі звонку, а таксама слабасць беларускай апазіцыі як палітычнага гульца, на якога мог бы абаперціся Еўрасаюз у сваёй палітыцы ў адносінах да Беларусі. Таму Бруселем зроблены выбар на карысць пашырэння кантактаў і сфер супрацоўніцтва з беларускім урадам – адзіным акторам, які прымае рашэнні ў Беларусі. Пра гэта сведчыць і рэзкае скарачэнне фінансавай падтрымкі апазіцыйных арганізацый і груп.

У той жа час наўрад ці варта чакаць ад зноў абранага прэзідэнта ажыццяўлення поўнамаштабных структурных рэформ, як гэтага хацеў бы Захад. У Мінску структурныя рэформы ўспрымаюць хутчэй як палітычную пагрозу, а не як сродак вырашэння праблем у эканоміцы. Таму варта чакаць хутчэй кропкавых пераўтварэнняў у тых сферах, дзе не праводзіць іх проста немагчыма (напрыклад, стратныя прадпрыемствы) і дзе гэта не выкліча негатыўных палітычных наступстваў для ўлад. Гэты працэс можа зацягнуцца на доўгія гады і будзе шмат у чым залежаць ад знешнеэканамічнай кан'юнктуры і гатоўнасці Расіі падтрымліваць Беларусь у ранейшым аб'ёме.



[1] Еўрапейскія дыпламаты ўжо анансіравалі «замарозку» санкцый, але рашэння аб гэтым Савета ЕС на момант напісання артыкула яшчэ не было.