Эксперты BISS узялі ўдзел у V Кангрэсе даследчыкаў Беларусі

3.10.2015
Друкаваная версіяPDF версія

Кангрэс даследчыкаў Беларусі – самае вялікае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае незалежных даследчыкаў Беларусі – прайшоў 2-4 кастрычніка ў Каўнасе.  У гэтым годзе ўдзел у ім узялі каля 450 гасцей, у тым ліку і эксперты BISS.

У прыватнасці, аналітык інстытута Андрэй Елісееў выступіў з дакладам «Перспектывы міграцыі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам: вынікі экспертнага апытання», а старшы аналітык Дзяніс Мельянцоў – з дакладам «Беларусь ва Усходнім партнёрстве: чаканні і вынікі». Акрамя таго, у рамках Кангрэса Андрэй Елісееў разам з грамадскай кампаніяй «У Беларусь і ЕС – без візы!» выступіў у якасці суарганізатара асобнай міграцыйнай секцыі, на якой вядучыя спецыялісты ў вобласці міграцыі і мабільнасці прадставілі вынікі сваіх даследаванняў.

У гэтым годзе  Кангрэс пачаўся з выступу дэпутата нямецкага Бундэстага Йохана Вадэфуля.  Ён прадставіў сваё бачанне сённяшніх беларуска-нямецкіх і беларуска-еўрапейскіх адносін.  У прыватнасці, Йохан Вадэфуль выказаў меркаванне, што пасля акупацыі Расіяй Крыму «Беларусь выкарыстоўвала свой шанец, каб выйсці з міжнароднай ізаляцыі». Аляксандр Лукашэнка  распачаў шэраг захадаў, накіраваных на аднаўленне дыялогу з  Захадам.

«Лукашэнка стварыў свайго роду нейтральную прастору. Адначасова ён прадэманстраваў Захаду, што адкрыты для зносін, і выпусціў беларускіх палітвязняў», – паведаміў Йохан Вадэфуль.  У той жа час ён звярнуў увагу на тое, што «трэба правільна ацэньваць гэтыя дзеянні і ні ў якім разе не пераацэньваць».  «Свабода – гэта нешта большае, чым не знаходзіцца ў зняволенні», – канстатаваў  дэпутат Бундэстага.

У сваім выступе нямецкі госць таксама абазначыў самую рэальную перспектыву па ўзаемадзеянні з Захадам для Беларусі. На погляд Йохана Вадэфуля, яна крыецца ў аднаўленні паўнапраўнага чалецтва Беларусі ў Савеце Еўропы.

Па выніках кангрэса названы імёны лаўрэатаў. Прэміі ўручаны ў намінацыях: гісторыя, гуманітарныя навукі, сацыяльна-палітычныя навукі, замежная манаграфія на беларускую тэматыку.

Прэмію за лепшую гістарычную кнігу атрымала Анастасія Скеп’ян з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за кнігу «Князі Слуцкія». Прэмію імя Зоры Кіпель за лепшую кнігу ў вобласці гуманітарных навук атрымаў прафесар у мінулым БДУ, а цяпер Варшаўскага ўніверсітэта Мікалай Хаустовіч за кнігу «Літаратура Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў».

Асобна былі адзначаны аўтары лепшых артыкулаў.

У вобласці гісторыі гэта гродзенскі гісторык Сяргей Токць за артыкул «Нараджальнасць і смяротнасць у традыцыйнай сялянскай абшчыне Беларусі XIX – пачатку XX ст. (па матэрыялах Глыбокскага прыходу)».

У вобласці гуманітарных навук гэта крытык Маргарыта Аляшкевіч за артыкул «Стратэгіі поспеху ў беларускай літаратурнай крытыцы».

У вобласці сацыяльна-палітычных навук гэта Аляксей Ластоўскі і Надзея Яфімава з артыкулам «Вытокі нацыянальнай дзяржаўнасці ў беларускай гістарычнай памяці».