V Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца ў Коўна 2-4 кастрычніка

18.09.2015
Друкаваная версіяPDF версія

2-4 кастрычніка ў літоўскі горад Коўна (Каўнас) з’едуцца каля 450 навукоўцаў з 22 краін свету - ЗША, Італіі, Нямеччыны, Брытаніі, Грузіі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы і г.д., каб абмяркаваць вынікі сваёй працы па даследванням Беларусi за год.

Кангрэс - найбуйнешая акадэмічная і экспертная падзея году, якую традыцыйна ладзіць Інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера". Праца навуковых секцыяў і панэляў будзе адбывацца ў сцянах Vytautas Magnus University (універсітэце Вітаўта Вялікага).

У фокусе ўвагі навукоўцаў апынецца не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Шырокая праблематыка - ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры - будзе разглядацца цягам трох дзён.

У межах Кангрэсу адбудзецца наданне Прэміі даследчыкам за найлепшую навуковую публікацыю па трох намінацыях: гісторыясацыяльна-палітычныя навукігуманітарныя навукі. Шорт-лісты прэтэндэнтаў на перамогу ўжо абвешчаныя.

Шмат увагі на сёлетнім Кангрэсе будзе нададзена пытанням бяспекі, паведаміў дырэктар "Палітычнай сферы" Андрэй Казакевіч. Гэта звязана з тэндэнцыямі у нашым рэгіёне - падзеямі ва Украіне і агульным павышэннем напружнасці паміж Расіяй і Захадам. Дадзенай праблеме будуць прысвечаны некалькі навуковых панэляў. Пытанні еўразійскай інтэграцыі і пытанні міграцыі ў Беларусі і ў нашым рэгіёне таксама апынуцца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў.

Ужо добрай традыцыяй для Кангрэсу стала праца асобнай секцыі, прысвечанай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, якая збярэ цэлую плынь гісторыкаў для буйных дыскусій і гэтым разам. Як і раней, будуць працаваць секцыі, прысвечаная пытанням развіцця эканомікі, новай і найноўшай гісторыі, мовы, культуры, літаратуры, рэлігіі, інтэлектуальных традыцый у Беларусі.

Міжнародная пляцоўка чакае для палемікі спецыялістаў практычна ўсяго спектра сацыяльна-палітычных і гуманітарных дысцыплінаў - як для абмеркавання, так і для атрымання інфармацыі.

Месца правядзення - Lietuva, Kaunas, K. Donelaičio g. 58, Vytauto Didžiojo universitetas (Vytautas Magnus University)

Дата правядзення - 2-4 кастрычніка 2015 году

Спампаваць падрабязную праграму Кангрэсу і даведацца пра расклад працы секцый і панэляў можна тут: http://icbs.palityka.org/pragrama-v-mizhnarodnaga-kangresa-dasledchyikau-belarusi/

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Гэта самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея, у якой бяруць удзел усе асноўныя аналітычныя цэнтры даследванняў палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Кангрэс - выдатная магчымасць распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі ды іншых краін.