Беларускія чыноўнікі: рэгулятар супраць рэгулявання

Друкаваная версіяPDF версія

Поспех распрацоўкі і ўкаранення любых рэформаў шмат у чым залежыць ад узроўню экспертызы, матывацыі і зацікаўленасці супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Інакш кажучы, пры правядзенні рэформаў мае значэнне не толькі палітычная воля і выбраная стратэгія, але і базавыя ўстаноўкі саміх выканаўцаў-чыноўнікаў. У рамках праекта РЭФОРУМ BISS правёў даследаванне меркаванняў дзяржаўных службоўцаў[1], прадметам якога стала стаўленне службоўцаў да правядзення рэформаў у нашай краіне.

Галоўныя высновы даследавання:

  •          Большасць беларускіх чыноўнікаў падтрымлівае неабходнасць правядзення рэформаў. Матывацыя і станоўчае стаўленне да рэформаў дзяржаўных службоўцаў могуць зменшыць выдаткі ўкаранення рэформаў.
  • Неабходнасць правядзення рэформаў у краіне адчуваецца чыноўнікамі мацней, чым насельніцтвам у цэлым[2]. Акрамя таго, у адрозненне ад насельніцтва, чыноўнікі падтрымліваюць неабходнасць лібералізацыі: большасць рэспандэнтаў лічыць, што рэформы павінны быць накіраваны на зніжэнне ўплыву дзяржавы і ступені дзяржаўнага кантролю.
  •          Паводле меркавання чыноўнікаў, асноўным прыярытэтам з'яўляецца рэфармаванне эканомікі, у гэтым яны салідарныя з бізнэсам і насельніцтвам. На другім месцы – рэформа сістэмы дзяржаўнага кіравання. Але чыноўнікі слаба адчуваюць неабходнасць рэфармавання сістэмы аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, якія маюць патрэбу ў рэформах з пункту гледжання насельніцтва. Найменш актуальна для службоўцаў правядзенне рэформаў сістэмы аховы навакольнага асяроддзя, судовай і палітычнай сістэм, пры гэтым менавіта палітычная сістэма з'яўляецца прыярытэтнай з пункту гледжання грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі. Такое рознае бачанне прыярытэтаў рэформаў рознымі зацікаўленымі бакамі адлюстроўвае як розніцу ў каштоўнасных устаноўках розных груп, так і недастатковае развіццё грамадскага дыялогу.
  • Са знешніх актараў, якія маглі б дапамагчы Беларусі ў правядзенні структурных рэформаў, чыноўнікі найперш вылучаюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Насельніцтва ж разлічвае на дапамогу Расіі (54% адказаў). Шматлікія дзяржаўныя службоўцы ўжо маюць непасрэдны досвед узаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, пазітыўна яго ацэньваюць і гатовыя працягваць супрацоўніцтва. Насельніцтва ж, у адрозненне ад чыноўнікаў, менш валодае інфармацыяй пра выкарыстанне знешняй дапамогі пры правядзенні рэформаў.
  • Пры распрацоўцы рэформаў чыноўнікі бачаць удзельнікамі гэтага працэсу не толькі ўрадавыя органы, але і незалежных экспертаў і даследчыя цэнтры. Аднак у пытанні ўдзелу бізнэсу і грамадзянскай супольнасці ў распрацоўцы і правядзенні рэформаў чыноўнікі ацэньваюць іх патэнцыял і гатоўнасць удзельнічаць ніжэй, чым самі прадстаўнікі гэтых груп. Пры гэтым дзяржаўныя службоўцы вышэй, чым прадстаўнікі бізнэсу і грамадзянскай супольнасці, ацэньваюць эфектыўнасць узаемадзеяння гэтых груп з органамі ўлады. Гэта асіметрыя часткова можа тлумачыцца крытычнай устаноўкай прадстаўнікоў бізнэсу і трэцяга сектара ў адносінах да ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, а часткова – неэфектыўнай камунікацыяй паміж рознымі групамі беларускага грамадства.


[1] Даследаванне праводзілася Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. У апытанні ўзялі ўдзел 50 супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Групы прадстаўнікоў органаў улады фармаваліся па трохузроўневай сістэме: рэспубліканскі ўзровень; абласны, узровень горад/раён. Памер выбарачнай сукупнасці дазваляе зафіксаваць ключавыя тэндэнцыі і заканамернасці ў стаўленні супрацоўнікаў дзяржаўных органаў да правядзення рэформаў. Асноўнымі задачамі даследавання былі ацэнка агульнага стаўлення чыноўнікаў да рэформаў і актуальнасці іх правядзення; вызначэнне прыярытэтаў і зместу меркаваных рэформаў; ацэнка эфектыўнасці ўзаемадзеяння зацікаўленых бакоў.

[2] Нацыянальнае апытанне BISS «Адносіны грамадства да правядзення рэформаў», 1350 рэспандэнтаў, сакавік 2014 г. http://belinstitute.eu/ru/node/2058.