«Расійска-беларускія дачыненні: ўмовы, стан, перспектывы»

Друкаваная версіяPDF версія

Даследаванне Валерыі Касцюговай, што праводзілася ў межах стыпендыяльнай праграмы Беларускага фонду публічнай палітыкі і Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS), прысвечанае аналізу расійска-беларускіх дачыненняў у ключавых для іх сегментах (вонкавая палітыка, энергетычная палітыка, гандаль, бяспека).

Асаблівы акцэнт робіцца на ролі ў гэтых дачыненнях Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. На падставе канцэпцыяў “буферных структураў ” і “інфраструктуры незалежнасці” аўтар робіць наступныя высновы:

(1) За шырмай “аб’яднальных” працэсаў адбываецца працэс суверэнізацыі краінаў, адасабленне іх гаспадарчых комплексаў. Іншымі словамі, практычны сэнс, што прадугледжваецца інтэграцыйнымі структурамі і аб’яднаннямі (буфернымі формамі), проста процілеглы іх намінальнаму значэнню. У прыватнасці, структуры кшталту СНД або Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі – гэта па сутнасці не інтэграцыйныя, а дэзінтэграцыйныя аб’яднанні, чый інстытуцыйны і і практычны патэнцыял скіраваны, з аднаго боку, на адносна бязбольны дэмантаж імперскага комплекса, з другога – на выбудову іншых формаў рэгіянальнага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, якое не падпарадкоўваецца прамянёваму прынцыпу Цэнтр-Перыферыя.

Неабходнасць буферных структураў абумоўленая недастаткова разьвітымі інстытутамі незалежных дзяржаваў; у той жа час гэтая неабходнасць паслабляецца разам з развіццём нацыянальных інфраструктураў вайсковай і энергетычнай бяспекі, прыгранічных інфраструктураў, лагістычных сеткаў і г.д., што ў адзінстве складаюць “інфраструктуру незалежнасці” пэўнай краіны. Іншымі словамі, неабходнасць імітаваць аб’яднальныя працэсы (“інтэграцыя”) захоўваецца да таго часу, пакуль не скончыцца фармаванне суверэннай інфраструктуры ў яе ключавых сегментах.

(3) Развіццё нацыянальных інфраструктураў адбываецца нераўнамерна – прыкладам, вонкавапалітычная інфраструктура Беларусі развіваецца хутчэй за энергетычную ці вайсковую, тымчасам як транспартная – хутчэй за энергетычную, але павольней за вонкавапалітычную.

(4) Цяперашні стан інфраструктуры незалежнасці Беларусі істотна абмяжоўвае магчымасці манеўра для кіроўнага класа ў кантэксце міждзяржаўных дачыненняў, у прыватнасці, не дазваляе у кароткатэрміновай перспектыве прасоўваць інтэграцыю ў рэгіён Усходняй Еўропы і шырэй - узмацніць еўрапейскі складнік палітыкі ( пры гэтым вонкавапалітычная інфраструктура дастаткова развітая для таго,каб забяспечыць гэты паварот ). “Прышпіленасць” да Расіі, такім чынам, у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве будзе заставацца дамінантным элементам беларускай палітыкі.

(5) Паколькі Расія мусіць павялічваць тэрміны выканання сваіх інфраструктурных праектаў з прычыны фінансавага крызісу і, адпаведна, захоўваецца яе зацікаўленасць у беларускай інфраструктуры, беларускае кіраўніцтва атрымлівае дадатковы часавы лаг для праектавання і разгортавання будоўлі ўласнай інфраструктуры, якім яно магло б скарыстацца з максімальным эфектам. Таму разам з увагай, што традыцыйна надаецца Расіі, мэтазгодным выглядае па-першае, зрабіць акцэнт на выпрацоўцы альтэрнатыўных інфраструктурных праектаў – транспартных, энергетычных і іншых - з удзелам краінаў-суседзяў. Па-другое, для захавання ўзроўню доступу на расійскі рынак наладзіць супрацоўніцтва з расійскімі галіновымі аб’яднаннямі (у ідэале – стаць іх сябрам). Нарэшце, як задача максімум, па-ранейшаму застаецца праблема пераводу беларускай эканомікі на інавацыйны шлях развіцця.

Чытаць поўны тэкст працы “Расійска-беларускія дачыненні: умовы, стан, перспектывы“ па-руску у фармаце pdf