Паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый BISS-Trends (студзень – ліпень 2014 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

Дадзены выпуск «BISS-Trends» з’яўляецца паўгадавым маніторынгам асноўных тэндэнцый у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства ў першай палове 2014 года.

У сферы палітычнай лібералізацыі не адбылося якасных змяненняў, і існуючы трэнд у напрамку рэгрэсу працягнуўся. Значна ўзрасла колькасць палітычна матываваных затрыманняў і арыштаў, шмат у чым абумоўленых сезонным ростам пратэстнай актыўнасці апазіцыі і правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі. Акрамя таго, папраўкі ў Выбарчы кодэкс, прынятыя ў другім паўгоддзі 2013 года, абмежавалі магчымасці апазіцыйных кандыдатаў у правядзенні перадвыбарчай агітацыі. Непасрэдна самі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прайшлі пад поўным кантролем выканаўчай улады і характарызаваліся шырокім выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і рэпрэсіямі супраць кандыдатаў ад апазіцыі і палітычных актывістаў. Вызваленне некалькіх палітвязняў сведчыць аб пэўнай палітычнай лібералізацыі, аднак пра структурныя зрухі ў гэтым кірунку казаць не прыходзіцца.

У эканамічнай сферы працягнулася тэндэнцыя на разбалансаванасць макраэканамічнай сітуацыі. Асноўныя макраэканамічныя паказчыкі ўпалі за першае паўгоддзе, што падштурхнула ўрад да большага ўмяшання ў эканоміку за кошт дадатковага датавання дзяржпрадпрыемстваў і прыняцця шэрагу крокаў у бок палітыкі імпартазамяшчэння. У сваю чаргу, адсутнасць структурных рэформаў прыводзіць да сітуацыі, калі здольнасць да падтрымання бягучага ўзроўню золатавалютных рэзерваў забяспечваецца выключна за кошт знешніх запазычанняў (у першым паўгоддзі 2014 года – двух траншаў крэдыту ВТБ), у чарговы раз заганяючы эканоміку ў заганнае кола існавання «ад крэдыту да крэдыту».

Сфера якасці кіравання і вяршэнства права ў першым паўгоддзі характарызавалася невялікім зрухам у бок пазітыўных зменаў. Адбылася дэкадыфікацыя інвестыцыйнага заканадаўства, а таксама меў месца шэраг падзей, што сігналізавалі пра хуткае прыняцце закона «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве». У той жа час, была прынятая Пастанова ўрада «Аб бізнес-планах інвестыцыйных праектаў», закліканая ўпарадкаваць праекты мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў, а таксама павысіць іх эфектыўнасць. Акрамя таго, у першым паўгоддзі пачала рэалізоўвацца рэформа судоў, запушчаная ў другім паўгоддзі 2013 года.

У сферы міжнародных адносін і геапалітычнай арыентацыі палітыка Беларусі, як і ў мінулым паўгоддзі, ішла ў адпаведнасці з курсам расійскай палітыкі. Адначасова з гэтым адбылося ўзмацненне залежнасці ад Расіі з прычыны падпісання дамовы аб ЕАЭС, нарошчвання прысутнасці расійскай ваеннай групоўкі на тэрыторыі Беларусі, а таксама атрымання двух траншаў крэдыту ад ВТБ.

У сферы культурнай палітыкі па-ранейшаму фіксуецца стагнацыя і адсутнасць якасных змяненняў. Нягледзячы на пэўнае паляпшэнне культурнага ландшафту, на якое шмат у чым паўплывала правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, захоўваецца палярызацыя афіцыйнай і «андэрграўнднай» культуры адначасова з шэрагам падзей, якія ўзмацняюць ідэалагізацыю афіцыйнай культуры і сведчаць пра рост кадравага крызісу ў сферы менеджменту культуры. Палітыка «мяккай беларусізацыі» па-ранейшаму застаецца супярэчлівай і не прыносіць адчувальных вынікаў.

BISS-Trends (студзень – ліпень 2014 г.) у фармаце pdf