Стаўленне грамадства да правядзення рэформаў

Друкаваная версіяPDF версія

У межах праекта «РЭФОРУМ» BISS правёў даследаванне грамадскай думкі ў дачыненні да перспектывы рэформаў. Асноўнымі задачамі даследавання былі выяўленне агульнага стаўлення беларусаў да рэформаў і вызначэнне найбольш прыярытэтных сфер рэфармавання.

Асноўныя высновы даследавання:

- Беларусы лічаць правядзенне рэформаў у той ці іншай ступені неабходным – пра гэта кажуць 75,6% насельніцтва. Трываць негатыўныя наступствы рэформаў гатовыя 51,1% грамадзян. Гэта кажа аб станоўчым успрыманні ідэі рэформаў у цэлым: у насельніцтва Беларусі няма ўстойлівага негатыўнага вобразу рэфармавання, які мог бы скласціся пад уплывам досведу рэформаў у Расіі ці краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

- Беларусы гатовыя трываць пагаршэнне дабрабыту на 5-7 гадоў з прычыны структурных рэформаў дзеля «прагматычных» (будучыня сваіх дзяцей, уласны дабрабыт у будучыні) і «патрыятычных» мэтаў (моцная, самастойная і незалежная Беларусь). Інтэграцыйныя праекты не маюць у вачах насельніцтва дастатковай каштоўнасці, каб мірыцца з негатыўнымі наступствамі рэформаў.

- Рэформы ў Беларусі, на думку значнай часткі насельніцтва, павінны весці да павышэння дзяржаўнага ўплыву ў розных сферах (43% – за павышэнне ўплыву дзяржавы, 33% – супраць). Аднак у многіх грамадзян няма сфармаванага меркавання – 23,7% апытаных не змаглі адказаць на гэтае пытанне. Можна казаць пра тое, што ўяўленне аб магчымых рэформах досыць размытае, ёсць патэнцыял для фарміравання грамадскай думкі ў гэтым кірунку. Вынікам гэтых рэформаў, на думку большасці беларусаў, павінна стаць сістэма палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу, падобная да шведскай.

- Асноўным прыярытэтам пры правядзенні рэформаў сярод насельніцтва з'яўляецца сфера аховы здароўя. У якасці неабходных мер у межах рэформы беларусы называюць павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці, павышэнне ўзроўню аплаты працы медыцынскіх работнікаў, а таксама ўвядзенне страхавой медыцыны пры захаванні базавага набору бясплатных паслуг.

- Адказнасць за распрацоўку рэформаў грамадзяне ўскладаюць у першую чаргу на ўрад і ўрадавыя арганізацыі. Аднак большасць не гатовая цалкам даверыць ураду правядзенне рэформаў: больш за палову людзей кажуць пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых бакоў, г. зн. пра ўдзел міжнародных арганізацый, незалежных аналітычных цэнтраў, суб’ектаў грамадзянскай супольнасці.

- У пытанні аб дапамозе ў правядзенні структурных рэформаў грамадзяне Беларусі ўскладаюць надзеі перш за ўсё на Расію, успрымаючы яе як найбольш верагодную крыніцу фінансавай дапамогі. Акрамя таго, беларусы не бачаць іншыя краіны або міжнародныя арганізацыі ў якасці партнёраў у правядзенні найбольш запатрабаваных рэформаў.

Чытайце даследаванне цалкам у фармаце pdf