Паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый BISS-Trends (ліпень–снежань 2013 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

Чарговы выпуск «BISS-Trends» прадстаўляе паўгадавы маніторынг (ліпень–снежань 2013 г.) асноўных сфер жыццядзейнасці беларускай дзяржавы і грамадства.

Маніторынг прысвечаны асноўным тэндэнцыям у наступных галінах: 1. палітычная дэмакратызацыя / палітычная лібералізацыя; 2. эканамічная лібералізацыя; 3. якасць кіравання і вяршэнства закона; 4. геапалітычная арыентацыя; 5. культурная палітыка.

Асноўныя паказчыкі ў сферы палітычнай дэмакратызацыі / палітычнай лібералізацыі ў другім паўгоддзі 2013 г. не зведалі значных змен. Дынаміка палітычна матываваных арыштаў застаецца ранейшай, як і накіраванасць дзеянняў уладаў у галіне абмежавання свабоды слова, свабоды асацыяцый і сходаў. Асноўнай структурнай падзеяй паўгоддзя сталі змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс, якія накіраваныя, перш за ўсё, на патанненне выбарчага працэсу і ліквідацыю “шчылін” (напрыклад, забарона агітацыі за няўдзел у выбарах), якімі раней карысталася апазіцыя. Невялікія заканадаўчыя змены закранулі і дзейнасць недзяржаўных арганізацый (НДА), але ў цэлым прававое асяроддзе для НДА не зведала змен. Ранейшыя негатыўныя тэндэнцыі на ўзроўні правапрымяняльнай практыкі ў дачыненні да працы НДА захаваліся і ў другой палове 2013 г.

У эканамічнай сферы ў другім паўгоддзі 2013 г. назіралася тэндэнцыя дэлібералізацыі. Адзначалася разбалансаванасць макраэканамічнай сітуацыі і зніжэнне здольнасці Нацбанка кантраляваць сітуацыю ў грашовай сферы. Дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў эканоміку ўзмацнілася для таго, каб забяспечыць выкананне мэтавых паказчыкаў эканамічнага росту да канца года (чаго, аднак, так і не ўдалося дамагчыся) і кантраляваць ход «комплекснай мадэрнізацыі». Распрацаваны Саветам Міністраў і Нацыянальным банкам План дзеянняў па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі Рэспублікі Беларусь змяшчае меры па лібералізацыі эканамічнай сферы. Яго рэалізацыя патэнцыйна магла б палепшыць якасць кіравання ў эканамічнай сферы. Аднак да гэтага часу не зразумела, у якой ступені прапанаваны дакумент будзе рэалізаваны на практыцы.

Афіцыйны Мінск працягнуў еўразійскі інтэграцыйны працэс, тым часам як нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам з прычыны наяўнасці палітычных зняволеных не адбылося. Скандал вакол развалу калійнага картэлю паміж «Беларуськаліем» і «Уралкаліем» і арышту Уладзіслава Баўмгертнера трохі азмрочыў беларуска-расійскія адносіны. Зрэшты, гэта не адбілася на інтэнсіўнасці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і на графіку сустрэч Лукашэнкі і Пуціна. Беларусі ўдалося забяспечыць сабе новы расійскі крэдыт у памеры да 2 млрд. даляраў і ўзгадніць паліўны баланс на паўгода замест паквартальных балансаў 2013 г. Аднак дамагчыся адмены расійскіх экспартных пошлін на нафту на дадзеным этапе не ўдалося, гэтак жа як і не ўдалося атрымаць шосты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС да канца 2013 г.

Важнай падзеяй у беларуска-еўрапейскіх адносінах стала згода Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. У той самы час, нягледзячы на досыць інтэнсіўныя дыпламатычныя кантакты, паўнавартаснай нармалізацыі палітычных адносін не адбылося. Еўрапейскі саюз у кастрычніку падоўжыў дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і блізкіх да кіроўнай эліты грамадзян.

Многія адмоўныя асаблівасці функцыянавання культурнага жыцця ў Беларусі захаваліся. Працягваецца палітызацыя і ідэалагізацыя культурнай сферы, яе дзяленне на афіцыйную, што ажыццяўляецца на бюджэтныя сродкі і карыстаецца падтрымкай уладаў, і неафіцыйную. Сур’ёзная канцэпцыя развіцця нацыянальнай культуры па-ранейшаму адсутнічае, а дзеянні дзяржаўных органаў у галіне «мяккай беларусізацыі» ў другім паўгоддзі 2013 г. былі нясмелыя і непаслядоўныя. У той жа час, станоўчым змяненнем у культурным жыцці Беларусі стала спыненне (або прынамсі змякчэнне) дзеяння так званых «чорных» спісаў выканаўцаў. Татальныя забароны на выступы нелаяльных да ўлады музыкаў заступілі асобныя, «кропкавыя» забароны на ажыццяўленне неафіцыйных культурных праектаў.

Чытайце BISS-Trends (ліпень–снежань 2013 г.) у фармаце pdf