BISS-Timeline №6 (чэрвень 2013 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе шосты выпуск BISS-Timeline — штомесячны маніторынг палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер. У ім аналізуюцца падзеі,  якія адбыліся ў чэрвені 2013 года.

Калі гаварыць пра знешнюю палітыку афіцыйнага Мінска, то ў чэрвені адбыліся дзве важных падзеі. Па-першае,  Мінск з афіцыйным візітам наведала прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч. Сам факт візіту прадстаўніка АБСЕ пасля працяглага перапынку ў камунікацыі і сустрэчах на досыць высокім узроўні можна разглядаць як важны сігнал зацікаўленасці афіцыйнага Мінска ў інтэнсіфікацыі адносін як з міжнароднымі арганізацыямі ўвогуле, так і з Еўрапейскім саюзам у прыватнасці. Акрамя таго, 24 чэрвеня Рада ЕС прыняла рашэнне аб прыпыненні санкцый супраць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, што патэнцыйна адкрывае для яго магчымасць удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў лістападзе ў Вільні. Між тым,  рашэнне Рады ЕС па Макею варта разглядаць не ў кантэксце «палітычнага гандлю» паміж ЕС і Беларуссю, а як тэхнічнае рашэнне Брусэля, якое патэнцыйна стварае перадумовы для спрашчэння камунікацыі паміж двума бакамі.

У канцы чэрвеня адбылася значная падзея, якая можа паўплываць на далейшае развіццё эканомікі:  парламент Беларусі ў першым чытанні прыняў законапраект, які адраджаў інстытут уладальніцкага нагляду або так званую «залатую акцыю». Калі законапраект будзе прыняты ў другім чытанні і ўступіць у сілу, прывабнасць беларускіх прадпрыемстваў для замежных інвестараў значна знізіцца.

Асноўнымі тэндэнцыямі ў сацыяльнай сферы ў чэрвені 2013 г. сталі працяг курсу на скарачэнне бюджэтных выдаткаў (скарачэнні чыноўнікаў, планы па аптымізацыі і скарачэнні супрацоўнікаў у сферы адукацыі), а таксама адмова ад арыентацыі на захаванне працоўных месцаў. Пагроза беспрацоўя становіцца не толькі перад работнікамі бюджэтных сектараў, але і перад індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў сувязі з рашэннем аб увядзенні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». На фоне гэтага, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапаноўвае абмежаваць падтрымку беспрацоўным. Тэмпы росту рэальнай заработнай платы ў траўні значна зніжаюцца, аднак на падставе росту заработнай платы ў першым квартале 2013 г. з 1 ліпеня павышаюцца памеры працоўных пенсій.

«Культурная адліга», якая азначылася ў траўні, далейшага развіцця не атрымала. У чэрвені ў сферы культуры не адбылося паслаблення палітыкі абмежаванняў і забаронаў, а на змену паведамляльнаму прынцыпу арганізацыі масавых мерапрыемстваў прыйшоў забаронны. Яшчэ больш відавочным стаў падзел культурных праектаў на афіцыйныя і неафіцыйныя.

Чытайце BISS-Timeline за чэрвень  2013 г. у фармаце pdf